Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 чэрвеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

"Падмуркам беларуска-расейскага Саюзу павінны быць не вайсковыя групоўкі, а эканоміка", – такую заяву зрабіў сёньня ў Менску дзяржаўны сакратар Саюзу Беларусі й Расеі Павал Барадзін, які ўзгадняў тут праграму бліжэйшага паседжаньня Вышэйшае рады Саюзу.

Павал Барадзін агучыў сёньня дату бліжэйшага паседжаньня Вышэйшае рады беларуска-расейскага Саюзу – 27 чэрвеня. У Менску ён удакладняў праграму гэтага паседжаньня. Праграма абмяркоўвалася пад час сёньняшняе сустрэчы дзяржаўнага сакратара з прэм'ер–міністрам Беларусі Ўладзімерам Ярмошыным.

Пасьля абмеркаваньня і Барадзін, і Ярмошын наведалі сельскагаспадарчую выставу "Белагра-2000", дзе паінфармавалі журналістаў пра зьмест сваёй гутаркі. Як вынікае зь іхных тлумачэньняў, галоўны кірунак інтэграцыі Масквы й Менску будзе мець эканамічны характар.

У прыватнасьці, Павал Барадзін заявіў сёньня:

"Аснова Саюзу – эканоміка. Ані нейкія там вайсковыя групоўкі, ані нейкія межы. І вось сёньня мы бачым вынік першых пачынаньняў. З саюзнага бюджэту фінансуецца й праграма "Лён", і праграма "Хімвалакно", і яшчэ шэраг праграмаў…

Кажуць: што там нейкія 2 мільярды 230 мільёнаў рублёў. Але ж зусім нядаўна там не было й 200 мільёнаў. Я разумею, што павінна быць больш. Дзеля гэтага я, дарэчы, тут і знаходжуся. Мы сёньня з Уладзімерам Васільевічам Ярмошыным каля гадзіны абмяркоўвалі нашыя сумесныя праблемы", – распавёў Павал Барадзін. Ён паведаміў таксама, што згаданыя бюджэт і праграмы мяркуецца зацьвердзіць на паседжаньні Вышэйшае рады.

На пытаньне нашага радыё: "Ці маюць намер кіраўнікі Саюзу прыцягваць для рэалізацыі сваіх эканамічных праграмаў замежных інвэстараў?" дзяжаўны сакратар адказаў наступным чынам:

"Мы, вядома, зацікаўленыя. Калі я быў кіраўніком справаў прэзыдэнта Расеі, мы працавалі і з Эўропаю, і з Амэрыкаю. Мы атрымлівалі й наўпроставыя інвэстыцыі, і зьвязаныя, і камэрцыйныя крэдыты. Было ў нас і шмат супольных праграмаў: і газавыя, і нафтавыя. І мы атрымлівалі грошы ў эканоміку Расеі", – адказаў Барадзін.

Далей ён патлумачыў, што сёньня на тэрыторыі Саюзу працягваюць мець месца дзіўныя зьявы. У прыватнасьці, з тэлевізарамі. Вырабляюць іх, сказаў ён, 400 тысячаў. 200 тысячаў завозяць зь іншых краінаў. У той жа час рынак складае 3,5-5 мільёнаў тэлевізараў. Адкуль бяруцца астатнія – невядома.

Тое ж самае, паводле словаў дзяржаўнага сакратара, назіраецца на беларуска-расейскай тэрыторыі і зь легкавымі аўтамабілямі. Як вынікае зь ягонага тлумачэньня, у мытнай прасторы Саюзу зараз маюць месца "чорныя дзіркі". Але хто зь дзяржаваў-партнэраў нясе адказнасьць за іх – Барадзін не сказаў.

XS
SM
MD
LG