Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 чэрвеня 2000 г.


Максім Лукашэвіч

Лукашэнка ды высокапастаўленыя чыноўнікі ягонага ўраду апошнім часам актывізавалі свае кантакты з краінамі арабскага сьвету: Ірак, Іран, Арабскія Эміраты, Кувэйт, Емэн, Эгіпет. Што гэтым краінам даюць кантакты зь беларускім кіраўніцтвам у палітычным і эканамічным аспэкце? Камэнтуе аналітык нашага Радыё Аскольд Крушэніцкі.

(Крушэніцкі: ) "Многія з краінаў, якія наведвае беларускае кіраўніцтва, самі знаходзяцца ў палітычнай ізаляцыі, альбо супраць іх уведзеныя санкцыі ААН, альбо іх разглядаюць як краіны-парыі. Для такіх краінаў галоўная палітычная выгада з гэтых кантактаў – паказаць сваім народам, што яны не цалкам ізаляваныя. Што да эканамічнага аспэкту – падобныя краіны маюць абмежаваныя магчымасьці эканамічнага абмену, імпарту такіх важных рэчаў як паліва. Таксама шматлікія краіны глядзяць на Беларусь як на крыніцу набыцьця іншых рэчаў, у якіх яны зацікаўленыя. Я маю на ўвазе зброю. Яны глядзяць на Беларусь як на прыхаваныя дзьверы ў Расею, празь якія можна заключаць сакрэтныя і нелегальныя дамовы адносна зброі. Альбо купляць іншыя тавары, недаступныя легальна з прычыны міжнародных санкцыяў".

(Карэспандэнт: ) "Дыктатарскі рэжым Кадафі знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі – гэта ў нейкай ступені падобна на сытуацыю ў Беларусі. Ці не пацярпела паразу на прыкладзе Лівіі палітыка міжнародных санкцыяў – калі народ у выніку ізаляцыі яшчэ больш згуртаваўся вакол дыктатара?"

(Крушэніцкі: ) "Я думаю, што такі вынік міжнароднай ізаляцыі магчымы і ў Лівіі і ў Іраку. Бо народы, якія нават не падтрымліваюць сваіх лідэраў, пакрыўджаныя на міжнародную супольнасьць за нанесеную шкоду эканоміцы, за тое, што людзі церпяць, іхныя дзеці, сем'і павінныя шукаць харч. У гэтым сэнсе ізаляцыя выклікае абурэньне… Тым ня менш, я вельмі скептычна ацэньваю вынікі апытаньняў грамадзкай думкі ў такіх краінах як Лівія, Паўночная Карэя ці Ірак, бо ніхто ў гэтых краінах не адважыцца сказаць нешта супраць свайго лідара".

(Карэспандэнт: ) "Ці вымалёўваецца нейкая група краінаў – міжнародных ізгояу, і ці можна ужо казаць пра нейкае згуртаваньне гэтых краінаў? Якія могуць быць наступствы гэтага працэсу?"

(Крушэніцкі: ) "Я думаю, што ўжо ёсьць яднаньне гэтых краінаў, бо яны ізаляваныя, і кожная зь іх вельмі хоча прадэманстраваць, што мае міжнародныя кантакты. У мінулым годзе пасьля бамбаваньня НАТА Сэрбіі югаслаўскі ўрад прапанаваў увайсьці ў беларуска-расейскі саюз. Рэальна, з палітычнага гледзішча, гэта безвынікова. Але гэтую палітыку можна скарыстаць у дачыненьнях зь міжнароднай супольнасьцю, ААН, скарыстаць для дыялёгу з міжнароднай палітыкай. Такая палітыка вельмі эфэктыўная для ўнутранай прапаганды. Але, як я адзначыў, я ня думаю, што Захаду варта моцна пераймацца ў ваенным сэнсе кааліцыяй ізаляваных краінаў".

Гутарыў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG