Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 чэрвеня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Распачаўся візыт міністра замежных справаў Урала Латыпава ў Лівію – краіну, якая значыцца ў сьпісе дзяржаваў, урады якіх падтрымліваюць міжнародны тэрарызм…

Праграма візыту Латыпава прадугледжвае перамовы зь лівійскім кіраўніком Муамарам Кадафі, лівійскім прэм'ерам, а таксама з кіраўніком замежнапалітычнага ведамства. Паводле словаў супрацоўнікаў МЗС, адна з асноўных праблемаў, якія будуць абмеркаваныя пад час візыту, – эканамічнае супрацоўніцтва паміж Беларусьсю й Лівіяй. Латыпаў мае намер падпісаць пагадненьне пра гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва.

У замежнапалітычным ведамстве Беларусі лічаць, што візыт міністра замежных справаў Беларусі ў Лівію не зьяўляецца парушэньнем міжнародных праўных нормаў. Паводле словаў супрацоўнікаў МЗС, неабходна працаваць над падвышэньнем экспарту, і Лівія ў гэтым пляне ня горшая за іншыя краіны.

Складана сказаць, ці вырашыць эканамічныя праблемы візыт Латыпава ў Лівію, аднак зь іміджам краіны могуць паўстаць новыя праблемы.

Сёньня санкцыі міжнароднае супольнасьці супраць Лівіі не такія жорсткія, як былі раней, бо распачаўся судовы працэс над лівійскімі грамадзянамі, якія падазраюцца ў дачыненьні да тэрарыстычнага акту, у выніку якога ў небе над брытанскімі астравамі некалькі год таму ўзарваўся пасажырскі Boing. Але кантакты Лівіі (і найперш кантакты, якія могуць мець дачыненьне да ваеннае сфэры) пільна адсочваюцца міжнароднай супольнасьцю.

Былы намесьнік міністра замежных справаў, а сёньня каардынатар "Хартыі'97" Андрэй Саньнікаў лічыць, што ў палітычнай сфэры ў Беларусі, хутчэй за ўсё, ня будзе праблемаў з-за візыта Латыпава. Аднак да краіны могуць узьнікнуць пытаньні ў зьвязку з кантролем сьвету за тым, што адбываецца ў Лівіі.

(Саньнікаў: ) "Я гэтага не выключаю, таму што мы ведаем: калі на арабскі ўсход ськіруюецца нашая дэлегацыя, то там гаворка йдзе пра кантакты і супрацоўніцтва ў ваеннай сфэры. Так было і ў Сірыі, і зь Іракам гэтаксама былі дамовы ў гэтай сфэры, небясьпечнай сфэры я б сказаў".

XS
SM
MD
LG