Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 чэрвеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў прыняла сёньня прынцыповае рашэньне аб правядзеньні 2 ліпеня ў Менску трэцяга Кангрэсу дэмакратычных сілаў. На ім павінна быць выпрацавана агульная пазыцыя ўсіх апазыцыйных партыяў і арганізацыяў адносна правядзеньня ўладамі ўвосень парлямэнцкіх выбараў...

У сёньняшнім паседжаньні Каардынацыйнае рады бралі ўдзел кіраўнікі АГП, БНФ, "Народнае Грамады" й "Хартыі-97". Галоўным пытаньнем парадку дня было вызначэньне даты правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

Прадстаўнікі амаль усіх апазыцыйных партыяў, рухаў і грамадзкіх арганізацыяў будуць браць удзел у сёлетніх выбарах толькі ў тым выпадку, калі ўлады выканаюць чатыры умовы: істотна пашыраць уладныя функцыі будучага парлямэнту, спыняць у краіне палітычныя рэпрэсіі, зробяць дэмакратычным выбарчае заканадаўства й дапусьцяць апазыцыю да дзяржаўных мас-мэдыяў. Дзеля таго, каб рашэньні, прынятыя пасобнымі палітычнымі сіламі, сталі агульнымі для апазыцыі і склікаецца Кангрэс.

Гаворыць удзельнік сёньняшняга паседжаньня, лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Трэці Кагрэс дэмакратычных сілаў Беларусі будзе праводзіцца паводле фармату, адпрацаванага на першых двух Кангрэсах. На ім будуць рэпрэзэнтаваныя ўсе асноўныя дэмакратычныя палітычныя партыі і грамадзкія арганізацыі і прафэсійныя саюзы, і галоўнай ягонай задачай будзе дасягненьне згоды ў стаўленьні да выбараў. Вось якраз дасягнуць паразуменьня і адзінай пазыцыі стасоўна выбарчае сытуацыі ўвосені і праводзіцца Кангрэс дэмакратычных сілаў", – паведаміў спадар Вячорка.

Дата 2 ліпеня для правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў была абраная не выпадкова. Менавіта да гэтага часу скончыцца візыт у Беларусь гэтак званае эўрапейскае "тройкі" і на пачатку ліпеня міжнародныя арганізацыі мусяць выпрацаваць агульную пазыцыю адносна парлямэнцкіх выбараў у Беларусі.

На думку Вінцука Вячоркі, менавіта вынікі Кангрэсу дэмакратычных сілаў павінны паўплываць на канчатковае рашэньне Эўропы пасылаць ці не на беларускія выбары сваіх назіральнікаў. Лідэр партыі БНФ працягвае:

(Вячорка: ) "Рашэньні Кангрэсу павінны паўплываць на ўсе магчымыя візыты троек Эўрапарлямэнту, АБСЭ і так далей. Гэта ёсьць наш беларускі выбар, гэта ёсьць нашая беларуская воля. Якое рашэньне прымуць асноўныя дэмакратычныя сілы, такое рашэньне павінны паважаць і дэмакратычныя краіны Захаду", – лічыць Вінцук Вячорка.

У чацьвер зьбярэцца на сваё першае паседжаньне аргкамітэт Кангрэсу, які мусіць вырашыць тэхнічныя пытаньні ў падрыхтоўца да гэтае дзеі.

На думку прадстаўнікоў Каардынацыйнае рады, пярэчаньняў адносна даты правядзеньня кангрэсу ў сябраў аргкамітэту паўстаць не павінна. Каардынацыйная рада таксама зацьвердзіла плян сьвяточных акцыяў з нагоды 10 гадавіны прыняцьця Дэклярацыі сувэрэнітэту Беларусі. 27 ліпеня ў Менску ды іншых гарадох краіны пройдуць мітынгі й шэсьці. У сталіцы адбудзецца сьвяточнае паседжаньне Вярхоўнага Савету й адкрыцьцё помніка на магіле Генадзя Карпенкі.

XS
SM
MD
LG