Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 чэрвеня 2000 г.


Юры Дракахруст

Адным з першых рашэньняў прэзыдэнта Пуціна стала закрыцьцё міністэрства ў справах Садружнасьці незалежных дзяржаваў. З аглядам камэнтароў гэтай падзеі ў расейскім друку знаёміць Юры Дракахруст.

Магчыма, ня трэба бачыць ў гэтым кроку сымбаль нейкае новае палітыкі Масквы ў дачыненьні да краінаў Садружнасьці. З 1992 году гэтая ўстанова перажыла шэраг рэарганізацыяў, ў красавіку 1998 года нават закрывалася, ў лістападзе таго ж году аднаўлялася ізноў. Зараз былога міністра ў справах СНД Леаніда Драчэўскага Ўладзімір Пуцін прызначыў сваім упаўнаважаным па Сібірскай фэдэральнай акрузе.

Расейская "Независимая газета" перадае словы Драчэўскага, што адмысловае міністэрства ў справах СНД Расеі наогул непатрэбнае. Функцыі мінсадружнасьці будуць разьмеркаваныя паміж МЗС і міністэрствам эканамічнага разьвіцьця і гандлю. Дарэчы, у складзе расейскага МЗС і раней існавала 4 дэпартамэнты, якія займаліся праблемамі Садружнасьці. Аглядальнік "Независимой газеты" адзначае, што ліквідаванае міністэрства сярод маскоўскага чынавенства заўсёды лічылася мейсцам непрэстыжным і разглядалася, як высылка ці трамплін для заняцьця "сур'ёзнай" пасады.

Падобныя бюракратычныя гульні адбываюцца ўвесь час, і ня толькі ў Расеі: у Беларусі таксама 2 гады таму міністэрства ў справах СНД зачынілі і ўлілі ў склад супэр-міністэрства замежных справаў. Ні да якіх супэрдасягненьняў гэта ў Беларусі не прывяло, ад закрыцьця расейскага міністэрства таксама вялікіх зьменаў чакаць ня варта.
Тым ня менш закрыцце расейскага міністэрства ў справах СНД, сапраўды, можа быць калі не сымбалем, дык часткаю новае палітыкі Масквы. Такую вэрсію прапануе сваім чытачам расейская газэта "Коммерсантъ".

На думку аглядальніка газэты, сьведчаньнем новай палітыкі стаўся апошні менскі саміт краінаў-удзельніц мытнага саюзу і дамовы пра калектыўную бясьпеку. Краіны, што ўваходзяць ў мытны саюз, дамагаліся, каб Расея пагадзілася на стварэньне зоны свабоднага гандлю, але сутыкнуліся з жорсткім адпорам Пуціна. "Адмовіўшыся пайсьці насустрач сваім бліжэйшым саюзьнікам, Крэмль даў зразумець, што будзе жорстка адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы", – піша "Коммерсантъ" і адзначае, што клятвы ў вернасьці інтэграцыйнай ідэі, якія раней былі вельмі эфэктыўнымі, для Пуціна нічога ня вартыя. Паводле "Коммерсанту", новы курс Масквы прадугледжвае пераарыентацыю з эканамічнага на ваенна-палітычнае супрацоўніцтва. "Замест "Эўразьвязу" на пастсавецкай прасторы зьяўляецца "НАТА", а галоўным ворганам, які будзе каардынаваць адносіны Расеі з СНД, робіцца не адпаведнае міністэрства, а Савет Бясьпекі", – лічыць "Коммерсантъ".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG