Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 чэрвеня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Тыя, хто да канца году выпіша газэту "Наша слова" ды паведаміць пра гэта ў сакратарыят Таварыства Беларускае Мовы, атрымае ў падарунак беларускую кніжку. Такая акцыя праводзіцца ў часе падпісное кампаніі ўпершыню ў Беларусі.

Летам традыцыйна назіраецца спад падпісное актыўнасьці чытачоў. Аднак сёлета да вакацыяў, адпачынкаў ды іншых сэзонных фактараў, якія ўплываюць на падпіску, дадалося рэзкае падвышэньне з другога паўгодзьдзя коштаў на газэты й часопісы. Асабліва істотна – у два-тры, а то й болей разы – яны падвышаныя на недзяржаўную прэсу.

Мы ўжо распавядалі пра выкліканую гэтым трывогу галоўных рэдактараў за лёс сваіх выданьняў, а таксама пра захады, якія яны прадпрымаюць. Даволі эфэктыўнаю мераю аказалася наладжаная ў сталіцы падпіска не праз аддзелы сувязі, а праз шапікі "Белпошты". (Гэтак званая "менская" падпіска ў вадрозьненьне ад "рэспубліканскае", г.зн. той, што праз аддзелы сувязі.) Яна мае дзьве перавагі. Першая – фінансавая. Варыянт такое падпіскі прыкладна на траціну таньней. Другая перавага – у апэратыўнасьці атрыманьня, што асабліва важна для выданьняў, якія выходзяць з друку ў другой палове дня й таму да падпісчыкаў праз адделы сувязі патрапляюць толькі на наступны пасьля выхаду дзень.

Менчукі вельмі хутка ацанілі прапанаваныя паслугі, што ўжо адбілася на выніках падпіскі на некаторыя недзяржаўныя выданьні, да прыкладу, на "Прессбол" і "Белорусскую деловую газету".

Аднак самай папулярнаю менская падпіска аказалася ў чытачоў "Нашай Нівы". Паводле словаў выканаўчага дырэктара газэты Алены Паляковай, менавіта гэтая паслуга дазволіла выданьню захаваць чэрвеньскую падпіску на ўзроўні травеньскае. А калі параўноўваць яе з пачаткам году, то назіраецца нават рост, прычым даволі йстотны.

Яшчэ невядомыя вынікі падпіскі на наступны месяц, квартал ды паўгодзьдзе, аднак спадарыня Палякова ацэньвае іх даволі аптымістычна. Няспынныя спробы ўладаў зачыніць "Нашу Ніву" ня толькі не адпужваюць ейных прыхільнікаў, а нават павялічваюць інтарэс да выданьня.

А вось Таварыства Беларускае Мовы чытацкую цікавасьць да свайго выданьня – газэты "Наша слова" – вырашыла павялічыць арыгінальнай акцыяй. Гаворыць старшыня ТБМ Алег Трусаў:

(Трусаў: ) "ТБМ зрабіла такі крок для ўсіх сваіх падпісчыкаў, які не зрабіла ніводнае выданьне ў Беларусі, а менавіта: усе тыя, хто падпішацца на другое паўгодзьдзе і пакажа альбо дашле на наш адрас, Румянцава 13, папдпісны квіток, атрымае ў падарунак добрую кнігу на беларускай мове. І мы такі экспэрымэнт рабілі на дургі квартал, і я вам скажу, што ёсьць адна вёска Беражцы ў Жыткавіцкім раёне, дзё такім чынам падпісалася некалькі дзясяткаў чалавек, і мы ім кожнаму даслалі беларускія кнігі і брашуры",

– паведаміў Алег Трусаў.

Застаецца дадаць, што кнігі для падарункаў падпісчыкам "Нашага слова" ТБМ атрымала – таксама ў падарунак – ад некалькіх недзяржаўных выдавецтваў.

XS
SM
MD
LG