Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 чэрвеня 2000 г.


Вінцэсь Мудроў, Полацак

На Полаччыне актыўна адраджаюцца савецкія рэаліі ў іх дыялектычным разьвіцьці. Напрыклад, калі раней удзел у камуністычных сыботніках меў дабраахвотны характар, дык цяпер гэта працоўны абавязак.

На буйнейшым прадпрыемстве рэгіёну, вытворчым аб'яднаньні "Шкловалакно" ўкараняюць кантрактную форму працы. Кожны, хто ўладкоўваецца на прадпрыемства, мусіць падпісаць працоўную дамову, адзін з пунктаў якой абавязвае работніка браць удзел у сыботніках і сельгаспрацах. Дамова заключаецца на год, і калі работнік не пагаджаецца чысьціць задарма ў выхадныя дні цэхавыя вентылятары альбо ехаць на тыдзень на вёску, кантракт зь ім ня будзе працягнуты.
Кантрактная форма набывае імпэту, і вось ужо аналягічную дамову павінны падпісваць і працаўнікі са стажам, які жадаюць перайсьці з аднаго цэху ў другі. Адпаведны загад падпісаў днямі генэральны дырэктар аб'яднаньня.

Першымі сваю нязгоду зрэанімаванай (ужывем прыдатнае слова) "паншчынай" выказалі сябры тамтэйшага вольнага прафсаюзу. Старшыня суполкі Віктар Ступаў зьвярнуўся да заводзкага юрыста па камэнтар, і той шматзначна і пакутліва ўздыхнуў. Меў размову спадар Ступаў і з намесьнікам генэральнага дырэктара па кадрах, які, хаця і невыразна, але даў зразумець, што дырэктыва наконт сыботнікаў і сельгаспрацы кепска ўпісваецца ў дзейнае заканадаўства.

Нарэшце, лідэр Вольнага прафсаюза зьвярнуўся да калегі – старшыні заводзкай арганізацыі дзяржпрафсаюза і ў гэтым пляне знайшоў у яго асобе аднадумцу. На гэтым тыдні спадар Ступаў зьбіраецца сустрэцца з генэральным дырэктарам вытворчага аб'яднаньня і будзе дамагацца скасаваньня вышэйзгаданага пункту працоўнае дамовы. Калі сустрэча ня дасьць плёну, рабочыя, па словах прафлідэра, распачнуць актыўныя дзеяньні па абароне сваіх правоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG