Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 чэрвеня 2000 г.


Марыя Ўсьціновіч, Бабруйск

Жыхары Бабруйску Тацяна Копец ды Ігар Ходзька маюць намер зьвярнуцца з заявай у пракуратуру і скаргай у Магілеўскі абласны суд. Яны аспрэчваюць рашэньне мясцовага суда аб штрафе за ўдзел у сьвяткаваньні Дня Волі.

Тацяна Копец ды Ігар Ходзька будуць абскарджваць дзеяньні судзьдзі Галіны Савасьцянчык, якая завочна, без абвінавачаных у адміністрацыйным правапарушэньні, разгледзіла іхныя справы і вынесла папярэджаньні. Нагадаю, што гэтая справа тычыцца правядзеньня ў Бабруску Дня Волі, калі на плошчы Перамогі сабралася прыкладна 300 чалавек, каб адзначыць сьвята. Праз нейкі час міліцыя затрымала больш за дзесяць удзельнікаў акцыі, болшасьць зь якіх складалі непаўнагадовыя.

Справы аб адміністрацыйных парушэньнях на дарослых былі накіраваныя ў суд. У выніку судовых разглядаў папярэджаньні атрымалі выкладчык, кіраўнік мясцовага Таварыства філаматаў Алесь Чыгір і прадстаўнік Беларускага Гэльсынскага Камэтэту, рэдактар дэмакратычнага выданьня "Крынічка" Вячаслаў Свізуноў. Іншыя ўдзельнікі справы позвы ў суд асабіста не атрымлівалі, і 25 траўня скончыўся тэрмін для разгляду адміністрацыйных справаў.

Аднак, выкладчыца, рэдактар незалежнага бюлетэня "Мой горад" Тацяна Копец і рэдактар газэты "Рабочы Бабруйску" Ігар Ходзька неўзабаве атрымалі пастановы суда, у якіх ім было вынесена папярэджаньне. Між тым, існуе пастанова пленуму Вярхоўнага суда Беларусі, у адпаведнасьці зь якой адміністрацыйныя справы ў адсутнасьць самога парушальніка разглядацца ня моуць. Таму і вырашана зьвярнуцца ў пракуратуру і суд. Праваабаронца з Магілеву Валадар Цурпанаў, які даваў кансультацыі з гэтай нагоды, паведаміў, што апошняя практыка сьведчыць: вышэйшыя інстанцыі зважаюць на гэтыя моманты законнасьці. А таму Тацяна Копец ды Ігар Ходзька будуць чакаць адказу.

XS
SM
MD
LG