Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 05 чэрвеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Улады Заслаўя не дазволілі ўчора прадстаўнікам мясцовай арганізацыі БНФ правесьці заплянаваную сустрэчу з жыхарамі гораду. Арганізатары гэтае сустрэчы, старшыня менскае раённае рады БНФ Юрась Зяньковіч і двое ягоных калегаў былі затрыманыя міліцыяй і больш як гадзіну правялі ў пастарунку.

Сустрэча актывістаў партыі БНФ з жыхарамі Заслаўя, што мела адбыцца ўчора ўвечары, не была нейкім несанкцыянаваным сходам. Фронтаўцы проста хацелі распавесьці гараджанам пра дзейнасьць сваёй арганізацыі, а таксама сабраць інфармацыю пра праблемы, што хвалююць людзей у гэтай мясцовасьці.

Паводле словаў кіраўніка менскае раённае рады БНФ Юрася Зяньковіча, сустрэчы з жыхарамі ёсьць статутнаю нормаю іхнае партыі, і на правядзеньне падобных сходаў аніякіх дазволаў уладаў не патрэбна. Дарэчы, актывісты БНФ праводзяць такія сустрэчы штотыдзень, у розных месцах Менскага раёну, і раней улады ім ніколі не перашкаджалі.

Перад выездам у Заслаўе апазыцыянэры паінфармавалі мясцовыя ўлады пра намер правесьці ў іхным горадзе сустрэчу зь людзьмі. Аднак старшыня Заслаўскага гарадзкога выканкаму Валянцін Сітнік заявіў, што не дазволіць правядзеньне несанкцыянаванага сходу, бо, маўляў, на такія "мерапрыемствы", паводле закону, трэба падаваць заяўку за 15 дзён.

Тым ня менш, Юрась Зяньковіч, Сяргей Абакунчык і Алег Скарабагатаў прыехалі ўчора ў Заслаўе і пачалі праз мэгафон заклікаць жыхароў прыйсьці на Рынкавы пляц на сустрэчу. Празь некалькі хвілінаў да іх пад'ехала патрульная машына й міліцыянты пачалі спраўджваць дакумэнты апазыцыянэраў. Пасьля актывістам БНФ прапанавалі праехаць у пастарунак на размову з начальствам. У пастарунку ж хлопцам паведамілі, што яны затрыманыя за парушэньне правілаў правядзеньня мітынгаў і сходаў і склалі адпаведныя пратаколы.

Вось што думае Юрась Зяньковіч адносна прычынаў свайго затрыманьня:

(Зяньковіч: ) "Я думаю, што гэта залежыць ад канкрэтнага кіраўніка мясцовай вэртыкалі. Паколькі горад Заслаўе – гэта горад абласнога падпарадкаваньня, і там, адпаведна, свае гарадзікя ўлады, і гэта проста стаўленьне мясцовага вэртыкальшчыка да БНФ. Напярэдадні нашага падарожжа ў нас была даволі рэзкая перапіска з гарвыканкамам. Яны нас папярэджвалі, што мы парушаем закон аб масавых шэсьцях, а мы іх папярэджвалі, што нашае мерапрыемства не зьяўляецца сходам. Паводле Крымінальнага кодэксу, чыноўнік, які чыніць перашкоды ў дзейнасьці грамадзкага аб'яднаньня, нясуць крымінальную адказнасьць",

– паведаміў спадар Зяньковіч.

У пастарунку фронтаўцаў пратрымалі больш за гадзіну, прычым міліцыянты не хавалі, што іхная галоўная мэта – не дапусьціць правядзеньня сустрэчы прадстаўнікоў БНФ з жыхарамі. Паводле словаў аднога з затрыманых, нейкі міліцэйскі начальнік па тэлефоне даў указаньне падначаленаму лейтэнанту пратрымаць фронтаўцаў у пастарунку хаця б паўгадзіны, каб не даць ім правесьці сустрэчу.

Юрась Зяньковіч мае намер абскардзіць дзеяньні міліцыянтаў у пракуратуры Менскага раёну.

XS
SM
MD
LG