Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 чэрвеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Урэгуляваньнем працоўнага канфлікту займаліся сёньня ў менскім акцыянэрным таварыстве "Камволь". Напрыканцы мінулага тыдня рабочыя, якія ўжо некалькі месяцаў не атрымлівалі заробку, на стыхійным сходзе прыгразілі адміністрацыі страйкам.

Працаўнікі "Камволю" сёньня атрымлівалі заробкі. Але ня ўсе. Гаворыць супрацоўнік аддзелу АСУ акцыянэрнага таварыства Леанід Пазьняк: "Выдадзена пераважна толькі тым вытворчасьцям, якія страйкавалі. Гэта ткацкая, часальная, аддзелачная вытворчасьці. Узяло заробкі й наша кіраўніцтва. Не грашыма, а тканінаю. Гэтая тканіна прадаецца, яны грошы атрымалі й заробкі ім не патрэбныя", – патлумачыў Леанід Пазьняк.

Намесьніца генэральнага дырэктара "Камволю" Натальля Мядзьведзева пацьвердзіла нашаму радыё, што адміністрацыя заклапочаная працоўным канфліктам, які мае тут месца.

У пятніцу ў акцыянэрным таварыстве, калектыў якога налічвае тры тысячы чалавек, адбыўся стыхійны выступ працаўнікоў. Жанчыны, што складаюць тут бальшыню, запатрабавалі ад адміністрацыі неадкладнае ліквідацыі запазычанасьці ў заробках. Пры невыкананьні гэтае ўмовы прагучалі пагрозы распачаць страйк.

На сход былі выкліканыя прадстаўнікі Рэспубліканскага працоўнага арбітражу. У прысутнасьці некалькіх соцень камвольнікаў генэральны дырэктар Вікенці Шкатула паабяцаў неадкладна выправіць сытуацыю.

Як вынікае з тлумачэньня адміністрацыі "Камволю", напружанасьць з выплатаю заробкаў тут сталася наступствам цяжкога фінансавага становішча. Партнэры завінаваціліся прадпрыемству 350 мільёнаў новых беларускіх рублёў. У ліку галоўных даўжнікоў такія фабрыкі, як гомельская "Камінтэрн" і віцебская "Сьцяг індустрыялізацыі".

Гэтыя ды іншыя трыкатажныя прадпрыемствы разам з "Камволем" удзельнічаюць у выкананьні дзяржаўнага заказу ў вырабе школьнага адзеньня. Але сталася так, што менскае прадпрыемства тканіну вырабіла, а швейныя фабрыкі ад яе адмаўляюцца, бо дзяржава не прафінансавала гэты заказ. Таму тканіна працягвае зараз ляжаць мёртвым грузам на складох.

Гаворыць лідэр Свабоднага прафсаюзу прадпрыемства Віктар Фомачкін: "Сам Шкатула кажа, што гэтую тканіну мы можам рэалізаваць. Яе ў нас просяць прадпрымальнікі. Дзіўная сытуацыя. Калі дзяржава ня можа аплаціць, дык не заказвайце. А калі заказваеце, дык, калі ласка, аплочвайце. Людзям жа патрэбна чымсьці харчавацца. Таму што тлумачэньні ў кішэню не пакладзеш і за іх у краме не разьлічышся", – гаворыць Віктар Фомачкін.

Такім чынам, працоўны калектыў пагражае страйкамі ды раіць кіраўніцтву прадаваць тканіну каму заўгодна, абы йшла аплата. З другога боку, спраўныя стасункі з прадпрымальнікамі палохаюць генэральнага дырэктара. Рэч у тым, што ягонага папярэдніка зьняў з пасады асабіста Аляксандар Лукашэнка. За празьмерную самастойнасьць.

За йгнараваньне ж дзяржаўнага заказу ў Беларусі можна страціць ня толькі пасаду, але й свабоду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG