Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 чэрвеня 2000 г.


Мікола Іваноў

Кульмінацыяй эўрапейскага падарожжа прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана стаў ягоны візыт у Маскву. У працягу амаль трох дзён, калі лідэр Амэрыкі быў у Маскве, ён правёў шэраг сустрэчаў з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, выступіў з прамовай у Дзяржаўнай Думе Расеі, а таксама прыняў удзел у дыскусіі з журналістамі на маскоўскім радыё.

У выніку перамоваў Клінтана з Пуціным ЗША і Расея падпісалі пагадненьне аб прадухіленьні выпадковых ракетных удараў і супрацоўніцтве ў галіне прадухіленьня магчымасьці авалодваньня ядзернай зброяй. Расейскі і амэрыканскі бакі таксама згадзілся і падпісалі ў гэтай справе спэцыяльны пратакол зьнішчыць на працягу бліжэйшых 10 гадоў па 34 тоны баявога плутонія. Гэтай кольскасьці ядзерных матэрыялаў хапіла б для вырабу каля 7 тыс. ядзерных баегаловак.

Біл Клінтан паабяцаў, што часткова кошт перапрацоўкі гэтай колькасьці плутонія ў паліва для ядзерных электрастанцыяў (прыблізна 1 млрд. 750 млн. дал) пакрыюць краіны вялікай сямёркі, і перш за ўсё ЗША. Японія ўжо паабяцала выдаткаваць на гэтыя мэты каля 34 млн. даляраў.

Было дасягнутае таксама прынцыповае пагадненьне ў справе прыпыненьня прадукаваньня плутонія для мірных мэтаў.

Біл Клінтан, аднак, прыехаў у Маскву ня толькі дзеля таго, каб зьменшыць пагрозу ядзернае вайны. ЗША глыбока зацікаўленыя працэсам далейшай дэмакратызацыі расейскага грамадзтва і правядзеньнем тут рынкавых рэформаў. Пра гэта Біл Клінтан заявіў, выступаючы ў расейскай думе:

(Клінтан: ) "Для Расеі цяпер надыйшоў час стварэньня мэханізмаў сучаснае гаспадаркі, увядзеньня законаў, якія б гарантавалі прыватную ўласнасьць, адкрытасьць і адказнасьць уладаў, які б стварылі эфектыўны і ясны падаткавы кодэкс. Такая гаспадарка затрымае расейскі капітал у Расеі, прывядзе ў Расею заходнія капіталы. А гэты ўсё патрэбна, каб зрабіць капіталаўкладаньні, якія вы заслугоўваеце, і якія неабходныя, каб стварыць новыя месцы працы для вашых людзей і новыя бізнэсы, патрэбныя для вашае будучыні".

Прэзыдэнт Клінтан, аднак, адкрыта скрытыкаваў палітыку Расеі ў Чачні. Ён, у прыватнасьці, заявіў:

(Клінтан: ) "Мае адносіны да Чачні абсалютна шчырыя. Я скажу вам як сябра. Ці магчымая вайна, каб перамагчы ў якой патрэбная такая колькасьць ахвяраў сярод мірнага насельніцтва, і ў якой няма пэрспэктываў палітычнага ўрэгуляваньня?"

Бадай што самым галоўным вынікам падарожжа Клінтана ў Маскву была дамоўленасьць аб стварэньні на тэрыторыі Расеі, каля Масквы, супольнай амэрыкана-расейскай станцыі сачэньня за пускамі ракетаў у сьвеце. Гэта будзе першы пасля Другое Сусьветнае вайны супольны амэрыкана-расейскі ваенны праект.

На новай станцыі будзе працаваць супольны амэрыкана-расейскі калектыў, які 24 гадзіны ў суткі, без выходных і сьвятаў, будзе сачыць за пускамі ракетаў на сьвеце. Паведамляецца, што станцыя будзе сачыць за пускамі ракетаў толькі трэціх краінаў.

Сярод праблемаў, у якіх Расея і Амэрыка не змаглі знайсьці ўзаемаразуменьня, міжнародныя камэнтатары адзначаюць справы Дамовы супрацьракетнай абароны. ЗША хацелі цяпер пабудаваць новую антыракетную сыстэму, якая б выразна выходзіла за рамкі старога дагавору. На перамовах з Пуціным Клінтан некалькі разоў падкрэсьліваў, што новы антыракетны шчыт Амэрыкі ня быў бы накіраваны супраць Расеі. Але аргумэнты амэрыканскага лідэра Пуціна не пераканалі. Чаму? З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да былога амэрыканскага дыплямата ў Маскве, цяпер палітычнага экспэрта нашага радыё Дональда Енсана. Вось, што ён адказаў:

(Енсан: ) "Няма нічога дзіўнага ў тым, што перамовы Пуцін-Клінтан ў справе супрацьракетнай абароны не прынесьлі посьпеху. Паводле паведамленьняў амэрыканскіх разведвальных службаў з усяго сьвету, пагроза для бясьпекі ЗША зыходзіць ад малых непрадказальных рэжымаў, такіх як Паўночная Карэя ці Ірак. І на працягу бліжэйшых 10 гадоў яны здольныя распрацаваць ядзерную зброю і стварыць пагрозу для Амэрыкі. На адміністрацыю Клінтана робяць таксама націскі дома. Гэта год выбараў. І ніхто ня хоча выказваць мяккасьць ў адносінах да гэтых дзяржаваў".

(Іваноў: ) "А ў чым жа сутнасьць расейскай негатыўнай пазыцыі ў адносінах да новых амэрыканскіх прапановаў у галіне сурацьракетнай абароны?"

(Енсан: ) "Перад адміністрацыяй прэзыдэнта Пуціна стаіць значна больш складанае пытаньне. У Расеі няма ні сродкаў, ні тэхналёгіі, каб стварыць падобную антыракетную сыстэму. Яе стратэгічныя наступальныя ракеты могуць выпрацаваць рэсурс сваёй службы на працягу бліжэйшага дзесяцігодзьдзя. І дзеля таго, каб захаваць стратэгічны балянс з ЗША яна павінна затрымаць высілкі ЗША ў галіне стварэньня новай антыракетнай сыстэмы".

На заканчэньне нашае кароткае размовы Дональд Енсан падсумаваў сутнасьць расейска-амэрыканскіх супярэчнасьцяў у галіне супрацьракетнай абароны наступным чынам:

(Енсан: ) "Сутнасьць справы даволі складаная, і я думаю, што толькі адміністрацыя наступнага амэрыканскага прэзыдэнта здольная вырашыць яе. У ёй ёсьць пяць наступных аспектаў:

Па-першае, трэба высьветліць, ці сапраўды пагроза для ЗША з боку гэтых непрадказальных дзяржаваў рэальная.

Па-другое, трэба высьветліць, ці новая сыстэма супрацьракетнай абароны эфэктыўная. У Пентагона былі вялікія праблемы ў ажыцьцяўленьні нядаўніх выпрабаваньняў сыстэмы.

Па-трэцяе, трэба ўвогуле высьветліць, ці тая антыракетная сыстэма, якая цяпер праходзіць выпрабаваньні, найлепшая, і ці менавіта гэтым шляхам Амэрыка павінна ісьці.

Па-чацьвёртае, трэба высьветліць, якім чынам усё гэта ўпісваецца ў агульны стратэгічны балянс.

І апошні, пяты фактар. Як гэта ўсё ўпісваецца ў міжнародную сыстэму бясьпекі, асабліва ў аспэкце расейска-амэрыканскіх і агульнаэўрапейскіх праблемаў. Эўрапейцы, як стала вядома нядаўна, імкнуцца да стварэньня ўласных сілаў хуткага рэагаваньня. І прэзыдэнта Клінтана на саміце ў Лісабоне крытыкавалі за пляны стварэньня новай сыстэмы антыракетнае абароны. Гэта разглядалася там, як спроба амэрыканцаў ахвяраваць інтарэсамі сваіх эўрапейскіх саюзьнікаў і стварыць уласную абаронную сыстэму. Гэта фундаментальная праблема. Праблема, якая можа пагражаць стабільнасьці НАТА. І кожны крок у галіне стварэньня антыракетнай сыстэмы павінен улічваць інтарэсы эўрапейцаў".

Прыгадаю, што амэрыкана-савецкі дагавор ў справе абмежаваньня супрацьракетнай зброі быў падпісаны амаль 30 гадоў таму, у 1972 годе, і ён адлюстоўваў тагачасны ўзровень стратэгічнага балянсу сілаў. Яго галоўная мэта палягала ў тым, каб дазволіць СССР і ЗША скарачаць свае ядзерныя патэнцыялы бяз страху, што ядзерныя ракеты могуць стаць неэфэктыўнымі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG