Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 чэрвеня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

(Эфір 3 чэрвеня)
Кароткі сьпіс войнаў, бітваў, паўстаньняў, катастрофаў, якія выпалі на лёс Беларусі за тысячагодзьдзе, складае зьмест новае кнігі, выдадзенае пад патранажам менскага касьцёлу сьвятых Сымона і Алены, фонду Генадзя Грушавога, а таксама Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны.

Гэтая кніга – новая ва ўсіх адносінах як для ейнага аўтара – вядомага беларускага пісьменьніка Кастуся Тарасава, гэтак і для сучаснага стану жанравых прыярытэтаў айчыннага прыгожага пісьменства. Кастусь Тарасаў гучна ўвайшоў у літаратуру сваімі аповесьцямі й раманамі на сюжэты беларускае мінуўшчыны. Але найбольшую вядомасьць яму прынесла "Памяць пра легенды" – кніга белетрызаваных расповядаў пра канкрэтныя гістарычныя падзеі. І вось пісьменьнік выдае кнігу голых фактаў, назва якое, праўда, настальгічна перагукаецца з рамантызаванаю "Памяцьцю пра легенды", хоць і гучыць адпаведна жанру строга – "Крыж памяці".

Падзагаловак выданьня, вынесены на вокладку, адразу ж уводзіць чытача ў суровую фабулу зьместу. Дакладней, нават не фабулу, бо любыя літаратуразнаўчыя тэрміны з гэтым выданьнем не стасуюцца. Кароткі сьпіс войнаў, бітваў, паўстаньняў, катастрофаў, якія выпалі на лёс Беларусі за тысячагодзьдзе – гэта, і сапраўды, толькі сьпіс, тысячагадовы рэестар народных трагедыяў. 62 старонкі іхнага пераліку дробным уборыстым шрыфтам. Пераліку кароткага, а, значыць, няпоўнага. Але і яго дастаткова, каб пераканацца, што асобныя войны, бітвы, паўстаньні, катастрофы зьліліся ў тысячагадовае рэтраспэктыве ў вадну суцэльную народную бяду.

980 год – напад на Полацак наўгародзкага войска разам з атрадам варагаў, чудзі й меры. Забойства полацкага князя Рагвалода і ягоных сыноў. Гвалт над князёўнай Рагнедай. Разбурэньне заваёўнікамі першага полацкага дзядзінца.
983 год – паход кіеўскага войска на землі яцьвягаў.
984 год – заваёўны паход кіеўскага войска на радзімічаў.
989 год – захоп кіеўскім князем Уладзімерам горада Турава…

Чатыры захопніцкія напады толькі за адно дзесяцігодзьдзе пачатку летапіснае беларускае гісторыі. Гартаючы наступныя старонкі кнігі, бачыш, што цягам усіх наступных гадоў крывавыя сьляды густа клаліся на беларускіх землях. Не вайна, дык катастрофа, не паўстаньне, дык гэнацыд.

…1933 год – масавая высылка карнымі ворганамі НКВД заможных сялянаў (за тры гады выслана больш за 35 тысячаў сем'яў).
1934 год – засуджана больш за 10 тысячаў сялянаў паводле гэтак званага "закону пяці каласкоў".
1937 год, жнівень – рэпрэсавана 2570 кіруючых работнікаў і інтэлігэнтаў.
1937, 29 кастрычніка – пачатак масавых расстрэлаў ва ўрочышчы Курапаты. За 1937-41 гады тут расстраляна каля 250 тысячаў чалавек…

Апошні запіс у гэтым трагічным рэестры – гібель 53 маладых людзей у падземным пераходзе станцыі "Няміга" менскага мэтрапалітэну 30 траўня 1999 году.

Апрача сьпісу ў кнізе зьмешчаныя эскізы помнікаў некаторым падзеям ды асобам, якія выкананыя мастачкамі Веранікаю Фёдаравай ды Вольгаю Бугаенка. Яны яскрава нагадваюць, колькі наперадзе працы ў мэмарыялізацыі народных стратаў. Упершыню зьведзеныя разам, гэтыя масавыя нацыянальныя страты ня проста ўражваюць, яны шакуюць чытача.

Сьпіс ахоплівае толькі тыя падзеі, што адбываліся непасрэдна на беларускай зямлі, але ж гінулі беларусы й на чужыне. Ніхто ніколі не падаваў зьвестак пра загіблых нашых суайчыньнікаў у чужых войнах на Каўказе, Сярэдняй Азіі, у Віетнаме, на Кубе, у Сірыі. Нехта ж мусіць зрабіць гэта й дапоўніць зробленае Кастусём Тарасавым.

Што ж тычна ягонае ўнікальнае кнігі, дык вельмі шкада, што патрапіць яна да надта малой колькасьці чытачоў – наклад выданьня 450 асобнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG