Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 чэрвеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Часовы павераны ў справах Балгарыі ў Беларусі Васіл Петкаў азнаёміў журналістаў з новымі правіламі атрыманьня балгарскіх візаў для грамадзянаў Беларусі, які будзе дзейнічаць цягам бліжэйшых чатырох месяцаў.

Балгарыя часова адмяніла візавыя таксы для турыстаў зь Беларусі. Паслабленьне будзе дзейнічаць да 30 верасьня й тычыцца толькі "арганізаваных" турыстаў, якія набудуць ваўчары праз турыстычныя фірмы. Скасоўваецца ня ўся, а толькі частка аплаты за балгарскую візу – цяпер замест 50-ці віза будзе каштаваць 20 даляраў. Для дзяцей, якія паедуць адпачываць у Балгарыю па чарнобыльскай лініі, візы абяцаюць выдаваць бясплатна.

Пра гэта сёньня распавёў журналістам часовы павераны ў справах Балгарыі ў Беларусі Васіл Петкаў. Сваю прэсавую канфэрэнцыю дыплямат пачаў з тлумачэньняў, чаму напрыканцы мінулага году балгарскі ўрад зьмяніў візавы рэжым для грамадзянаў нашае краіны.

Спадар Петкаў сказаў: "Чаму Балгарыя ўвяла візавы рэжым для Рэспублікі Беларусь? Хачу падкрэсьліць, што такі рэжым уведзены для многіх краінаў СНД, ня толькі для Беларусі, і што гэта не азначае, што Балгарыя хацела б зачыніць свае дзьверы перад вамі. Нам давялося ўзгадніць нашу візавую палітыку зь візавай палітыкаю Эўрапейскага Зьвязу, куды мы ймкнемся, і асацыяваным сябрам якога Балгарыя ўжо зьяўляецца", – гэтак, выключна палітычнымі прычынамі патлумачыў Васіл Петкаў увядзеньне візаў.

А вось тое, што цяпер на чатыры месяцы беларускім турыстам даецца невялікае паслабленьне, дыплямат абгрунтаваў эканамічнымі меркаваньнямі. Паводле Васіла Петкава, губляць турыстаў невыгодна, тым больш, што іх могуць перахапіць канкурэнты зь Югаславіі ці Харватыі, якія апошнім часам вядуць сабе на турыстычным рынку вельмі наступальна. Пры гэтым, падкрэсьліў спадар Петкаў, урад думаў найперш пра інтарэсы сваіх гармадзянаў.

"Ідзе працэс прыватызацыі на Балгарскім узьбярэжжы, усе вялікія гатэлі, рэстарацыі адыходзяць у прыватныя рукі. А калі чалавек мае ўласнасьць, ён зацікаўлены ў тым, каб яна працавала, і зацікаўлены ў падвышэньні ўзроўню паслугаў. Я спадзяюся, што грамадзяне Беларусі, якія прыедуць адпачываць у Балгарыю, гэта адчуюць", – запэўніваў балгарскі дыплямат.

Між тым заўважым, што візавы рэжым у Балгарыю распаўсюджваецца зусім не на ўсе краіны СНД і былыя рэспублікі Саюзу. Бязь візаў едуць у Балгарыю грамадзяне балтыйскіх краінаў, ды й для грамадзянаў Расеі і Ўкраіны візы пакуль непатрэбныя. Даводзіцца канстатаваць, што Беларусь у гэтым сэнсе апынулася ў адной кампаніі з Таджыкістанам ды іншымі краінамі Сярэдняе Азіі, да якіх эўрапейскае супольніцтва мае сур'ёзныя прэтэнзіі ў галіне трансфэру наркотыкаў і нелегальнай міграцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG