Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 чэрвеня 2000 г.


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Днямі Наваполацкі гарвыканкам афіцыйна зарэгістраваў суполку Незалежнага прафсаюзу на вытворчым аб'яднаньні "Нафтан", выдадзенае і адпаведнае пасьведчаньне. У гэты ж час у аб'яднаньні пачаўся перасьлед сябраў суполкі.

Аб'ектам перасьледу была абраная работніца тэхнічнага кантролю вытворчасьці №5 Надзея Цераховіч, якая надоечы папоўніла шэрагі вольнага прафсаюзу. На згаданай вытворчасьці працуе 450 чалавек і спадарыня Цераховіч была адзінай, хто асьмеліўся гэта зрабіць. Зрэшты, такі грамадзянскі ўчынак мерыліся паўтарыць яшчэ трое работнікаў. Менавіта гэтым людзям Надзея Цераховіч дала пэўнага дня пачытаць прафсаюзныя газэты "Рабочы" і "Салідарнасць". Пра гэта стала ведама начальніку АТК спадару Рабацею, і той цягам дзьвюх гадзінаў вёў з падначаленай прафіляктычную гутарку. Няўзабаве да гутаркі падключыліся начальнік вытворчасьці №5 спадар Кіксеў ды старшыня цэху галіновага прафсаюзу спадар Паўлоўскі.

Памянёныя таварышы абвінавацілі падначаленую ў падрыўной дзейнасьці, у спробах развалу працоўнага калектыву, назваўшы пры гэтым Вольны прафсаюз "шайкай". Задаўшы пытлю, таварышы былі перакананыя, што падначаленая адразу ж напіша заяву аб сыходзе з "шайкі". Балазе муж у Надзеі нядаўна памёр, і яна адна выхоўвае сына, таму змагацца з начальствам ёй ніяк не выпадае.

Надзея напісала заяву, але зусім іншага характару: яна пісьмова папрасіла старшыню заводзкай суполкі Вольнага прафсаюзу абараніць яе аб падобнай прафіляктыкі. Наступнага дня старшыня суполкі Васіль Главацкіх разам з кіраўніком рэгіянальных арганізацыяў Вольных прафсаюзаў Уладзімерам Антановічам наведалі намесьніка генэральнага дырэктара аб'яднаньня спадара Крывіца і выказалі яму з нагоды вышэйзгаданых закалотаў афіцыйны пратэст. У адказ спадар Крывіц паабяцаў правесьці зь кіраўнікамі сярэдняга зьвяна адпаведную нараду і такім чынам улагодзіць сытуацыю. Прафлідэры з палёгкаю ўздыхнулі, але зрабілі гэта заўчасна, бо 1 чэрвеня на вытворчасьці №5 надарыўся новы інцыдэнт.

Гэтым разам начальнік АТК без дайпрычыны накінуўся на спадрыню Цераховіч з нецанзурнай лаянкай. У выніку ў жанчыны ўзьнялася тэмпэратура, яна мусіла зьвярнуцца ў паліклініку, і лекары выдалі ёй лісток непрацаздольнасьці. Заўважым, што гэта не адзін падобны выпадак. Прыкладна месяц таму з тае ж прычыны ў ложак зьлегла работніца цэху №8 Ларыса Марданава. У такой сытуацыі старшыня суполкі Васіль Главацкіх зьбіраецца сустрэцца зь генэральным дырэктарам аб'яднаньня, і калі сустрэча ня дасьць плёну, суполкай будуць ужытыя ўсе магчымыя сродкі дзеля абароны гонару і годнасьці свайго сябра.

Ну і пры канцы адна заўвага ў якасьці камэнтару. Калі Мантанаўскі заяўляе, што вытворчасьць – ня месца для палітыкі, яны кажуць слушныя, але няшчырыя словы, бо самі яны ўжо даўно ў гэтую палітыку заангажаваныя, і яскравы таму прыклад – вывешаная на фасадзе заводзкага спорткомплексу эмблема Алімпійскага камітэту Расейскае Фэдэрацыі. Расейскі трыкалёр на будынку сьведчыць пра тое, што тамтэйшыя кіраўнікі пайшлі ў справе інтэграцыі далей ад самых заўзятых інтэгратараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG