Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 чэрвеня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны гатовае вярнуцца да ўдзелу ў гэтак званым "грамадзка-палітычным дыялёгу", але толькі на пэўных умовах. Пра гэта сакратарыят Таварыства заявіў у адмыслова прынятым учора звароце да кіраўніка краіны.

30 траўня, выступаючы на сустрэчы з удзельнікамі гэтак званага "грамадзка-палітычнага дыялёгу", Аляксандар Лукашэнка заявіў пра неабходнасьць абмеркаваньня стану беларускае мовы ў краіне ды выказаў шкадаваньне, што ў зале паседжаньняў адсутнічалі прадстаўнікі ТБМ. Між тым, удзельнічаць у гэтай дзеі уладаў актывісты беларушчыны згодныя на пэўных умовах.

Гаворыць старшыня ТБМ Алег Трусаў.

(Трусаў: ) "Спачатку ўсе дакумэнты нам прыслалі па-расейску. Мы запатрабавалі, каб былі на дзяржаўнай беларускай мове. За дзень адміністрацыя прэзыдэнта пераклала дакумэнты і даслала нам усё па-беларуску. Дарэчы, мы паставілі ўмову, каб на дыялёгу ўсё было аформлена па-беларуску, і гэта было цалкам выканана – і шыльдачкі, і ўсё астатняе. Дагэтуль усё было па-расейску. Так што першую ўмову для ўдзелу ТБМ Русакевіч выканаў",

– лічыць спадар Трусаў.

Пытаньні, якія прапанавалі ТБМ'аўцы да разгляду, арганізатары дзеі абяцалі ўключыць у парадак дня. Аднак, прыйшоўшы на першае паседжаньне, Алег Трусаў высьветліў, што ані пытаньне пра рэальны статус беларускае мовы як дзяржаўнае, ані пра стварэньне Нацыянальнага ўнівэрсытэту на разгляд не пастаўленыя.

Да таго ж паседжаньне адбывалася адразу пасьля жорсткага разгону ўладамі ўдзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі, і спадар Трусаў заявіў, што ТБМ прыпыняе свой удзел у гэтак званым "дыялёгу" да часу, пакуль пацярпелым 25 сакавіка ня будуць прынесеныя прабачэньні й ня будуць уключаныя ў парадак дня пытаньні, прапанаваныя ягоным Таварыствам.

Калі першая ўмова была хоць часткова, але выкананая, дык другая застаецца толькі абяцаньнем і да сёньня. Таму ТБМ і ня ходзіць на паседжаньні ў Палац Рэспублікі.

Цікава, аднак, што на паседжаньне 30 траўня, на якім Аляксандар Лукашэнка заявіў пра неабходнасьць абмеркаваньня стану беларускае мовы, фармальна ТБМ ня быў запрошаны…

Алег Трусаў гаворыць:

(Трусаў: ) "У гэты раз у Палац рэспублікі нас не запрасілі. Раней нам рэгулярна дасылалі паперы, а тут нас ніхто не запрашаў, нават фармальна. І таму нас вельмі зьдзівіў выступ кіраўніка дзяржавы, калі ён прыгадаў ТБМ і сказаў, што вось трэба абмяркоўваць сытуацыю з "нашым языком". Мы згодныя і пад час дыялёгу, і без дыялёгу разам зь ім сустракацца і абмяркоўваць пытаньні "з языком" (а па-нашаму з мовай), і з беларускамоўнай адукацыяй, якая хутка зьнікае",

– заявіў Алег Трусаў.

Свой намер удзельнічаць у любых перамовах з уладаю з мэтаю наданьня беларускай мове рэальнага статусу дзяржаўнае ТБМ прадэкляраваў і ў адмыслова прынятым учора звароце сакратарыяту Таварыства да кіраўніка краіны.

XS
SM
MD
LG