Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 чэрвеня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Прызначанае на сёньня пленарнае паседжаньне экспэртаў ад апазыцыі і ўладаў не адбылося. Урадавы бок паведаміў праз Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ пра сваю непадрыхтаванасьць да сустрэчы й папрасіў адкласьці яе на наступны тыдзень.

Сёньняшьняму паседжаньню павінна была папярэднічаць рабочая сустрэча Юрыя Хадыкі (ад палітычнае апазыцыі), Ігара Велічанскага (ад урадавага боку) і Мішэля Рывальле як пасярэдніка ад КНГ АБСЭ. Менавіта ім было даручана падрыхтаваць супольны праект рэглямэнту будучых паседжаньняў чатырох рабочых групаў, якія маглі б пачаць паралельна працаваць над раней вызначанымі праблемамі. А потым прадстаўнікі КНГ АБСЭ, якія да пачатку афіцыйных кансультацыяў старшынююць на кожным паседжаньні, плянавалі зацьвердзіць гэты рэглямэнт, а таксама вызначыць месца й час кансультацыяў.

Кіраўнік КНГ АБСЭ амбасадар Вік вельмі спадзяваўся, што менавіта сёньня ўсе працэдурныя пытаньні будуць нарэшце вырашаныя, і з 5 чэрвеня экспэрты ад апазыцыі і ўладаў пачнуць канкрэтную працу.

Аднак Мішэль Рывальле і Юры Хадыка дарэмна чакалі Ігара Велічанскага. Урэшце рэшт прадстаўнік уладаў патэлефанаваў у КНГ АБСЭ і папрасіў перанесьці сустрэчу на наступны тыдзень. Прычына, паводле словаў Велічанскага, у адсутнасьці ў Менску Ўладзімера Русакевіча – першага намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, і Сяргея Посахава – памочніка Лукашэнкі. Маўляў, без кансультацыяў зь імі немагчыма прымаць канкрэтныя рашэньні.

На думку Юрыя Хадыкі, урадавы бок працягвае барацьбу нэрваў. Уладам, верагодна, хацелася б, каб апазыцыя першая заявіла пра спыненьне спробаў наладзіць кансультацыі, а потым і перамоўны працэс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG