Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 чэрвеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Аргкамітэт Усебеларускага зьезду вынес на грамадзкае абмеркаваньне праект "Акту незалежнасьці Беларусі" – асноўнага дакумэнту, які павінен быць ухвалены на зьезьдзе. Арганізатары спадзяюцца, што прапановы людзей, выказаныя пад час абмеркаваньня, дапамогуць зрабіць гэты дакумэнт больш дасканалым.

Тэкст праекту Акту Незалежнасьці друкуе ў сваім заўтрашнім нумары газэта "Народная Воля". У ім заяўляецца, што незалежнасьць краіны пастаўленая пад пагрозу з-за жаданьня ўладаў аб'яднаць Беларусь у адзіную дзяржаву з Расеяй.

Аўтары праекту сьцьвярджаюць, што выступаюць за добрыя і ўзаемавыгодныя стасункі з усімі краінамі сьвету, і найперш з суседзямі, але не жадаюць, каб Беларусь стала рэгіёнам іншае дзяржавы, бо незалежнасьць ёсьць натуральным правам усяго народу. Таму дэлегатам будучага зьезду прапануецца засьведчыць гэтае Богам дадзенае народу права, а таксама абвясьціць сувэрэнітэт неад'емнай народнай каштоўнасьцю, прызнаць ня маючымі законнае сілы любыя пагадненьні, скіраваныя на скасаваньне ці абмежаваньне незалежнасьці, ды заклікаць міжнародныя арганізацыі, урады дэмакратычных дзяржаваў і ўсясьветную супольнасьць забясьпечыць гарантыі беларускага сувэрэнітэту.

Вось што паведаміў нашаму радыё з нагоды апублікаваньня праекту Акту сустаршыня аргкамітэту зьезду, вядомы паэт Генадзь Бураўкін:

(Бураўкін: ) "Мы хацелі б, каб ва ўкладаньні гэтага акту, тэксту гэтага акту прынялі ўдзел як мага болей людзей, каб была ўлічаная і іх думка. Хаця, безумоўна, гэты дакумэнт даволі сьціслы, юрыдычна кароткі, але думка як мага большай колькасьці беларусаў, сьвядомых, разумных, тых, хто хоча, каб Беларусь засталася на палітычнай карце сьвету, павінна быць улічаная. Дзеля гэтага мы і зьвяртаемся да ўсіх з просьбай, выказаць свае адносіны да прапанванага праекта Акту Незалежнасьці",

– паведаміў спадар Бураўкін.

У аргкамітэце зьезду паведамілі, што цяпер актыўна вядзецца вылучэньне дэлегатаў. Паводле словаў спадара Бураўкіна, на зьезд ужо вылучана некалькі сотняў прадстаўнікоў. Праўда, найбольшую актыўнасьць у гэтай працы праяўляюць шэраговыя актывісты партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Лідэры ж аб'яднанае апазыцыі лічаць, што праводзіць Усебеларускі зьезд улетку нямэтазгодна. Сябры аргкамітэту прытрымліваюцца іншае думкі.

Генадзь Бураўкін працягвае: "Мы абсалютна перакананыя, што трэба праводзіць гэты зьезд як мага хутчэй ніколькі не ахвяруючы прадстаўнічасьцю. Але, калі ўлічыць, што нас чакае наперадзе – наперадзе нас чакае выбарчая кампанія ў парлямэнт, а там выбарчая кампанія прэзыдэнцкая, наперадзе нас чакае ўзмацненьне тэмпаў інтэграцыі, – і таму выказваньне думкі, выказваньне волі да незалежнасьці павінна быць выказанае як мага хутчэй".

Гэта быў сустаршыня аргкмітэту зьезду Генадзь Бураўкін.

Канчатковая дата правядзеньня зьезду яшчэ ня вызначаная, гэтае пытаньне будзе вырашаць аргкамітэт на сваім паседжаньні 10 чэрвеня. Але, паводле словаў спадара Бураўкіна, зьезд, хутчэй за ўсё, адбудзецца ў другой палове ліпеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG