Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: «Агітаваў не за Лукашэнку, а за дэмакратыю ў Беларусі»


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Кіраўнік беларускай дзяржавы на сваёй прэсавай канфэрэнцыі, якая прайшла 15 лютага, называў канкрэтныя прозьвішчы, выказваўся пра пэўных асобаў. Сёньня «Свабода» працягвае знаёміць сваіх слухачоў з рэакцыяй гэтых людзей на словы Аляксандра Лукашэнкі.

У кіраўніка дзяржавы спыталіся, каго з апазыцыйных палітыкаў яму было б цікава бачыць на наступных выбарах. На гэта Аляксандар Лукашэнка адказаў, што як беларус ён ня хоча бачыць «на кіраўнічых пастах апазыцыйных кандыдатаў. Гэта здраднікі інтарэсаў беларускага народу». І дадаў: «Фядута і Лябедзька былі тут каля карыта, чвякалі больш за ўсіх. Яны ж Лукашэнку да ўлады прыводзілі, былі побач, грамадзтва гэта помніць».

Анатоль Лябедзька не хавае, што сапраўды ўдзельнічаў у першай агітацыйнай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе:

«Але няпраўда, што тады ўсе агітавалі за Аляксандра Лукашэнку, і кропка. Агітавалі за падзел уладаў, за тое, што павінны быць нармальны парлямэнт, незалежны суд, добрыя стасункі з усімі суседзямі, арыентацыя на эўрапейскія каштоўнасьці і г. д. За гэта ў 1994 годзе агітавалі і Анатоль Лябедзька, і ўжо нябожчык Віктар Ганчар, і астатнія згаданыя людзі. Але калі з гэтага нічога не атрымалася, то Анатоль Лябедзька ня можа падтрымліваць проста Аляксандра Лукашэнку. Гэта ж прапісная ісьціна.

А што тычыцца таго, што Лукашэнка прапаноўваў мне пасаду міністра… Калі нават дапусьціць гэта, то гэта таксама пра штосьці сьведчыць. Але каля карыта я ніколі ня чвякаў і не залежаў ад Аляксандра Лукашэнкі».

Падчас прэсавай канфэрэнцыі згадваліся розныя мэдыі. Але найчасьцей Лукашэнка называў два выданьні — «Народную волю» і «Советскую Белоруссию» і іх галоўных рэдактараў Ёсіфа Сярэдзіча і Паўла Якубовіча. У прыватнасьці, кіраўнік дзяржавы назваў іх «зьлейшымі канкурэнтамі», сказаў, што часам чытае «Народную волю», у якой, на жаль, друкуюцца і «гадасьці» пра ўладу. Лукашэнка сказаў, што ён даручаў сваім памочнікам праверыць некаторыя публікацыі. Тыя правяралі і дакладалі: у вёсцы няма чалавека, чыім прозьвішчам падпісаны газэтны матэрыял.

Ёсіф Сярэдзіч сказаў «Свабодзе», што дасьць разгорнуты адказ на ўсё гэта на старонках «Народнай волі». А на рэпліку кіраўніка дзяржавы — маўляў, Сярэдзіч не ачольвае «СБ» таму, што не дарос да Якубовіча, — заўважыў:

Ёсіф Сярэдзіч
Ёсіф Сярэдзіч
«Я павінен сказаць, што толькі Аляксандар Рыгоравіч можа так прынізіць свайго служку. Гэта было так па-майстэрску, так тонка зроблена, што я нават пазайздросьціў гэтаму майстэрству. Аказвацца, вось як можна прынізіць свайго паплечніка такім чынам».

Што тычыцца «гадасьцей», то галоўны рэдактар і заснавальнік «Народнай волі» кажа: трэба правяраць ня подпіс, а сутнасьць публікацыі, бо «згодна зь дзейным заканадаўствам любы чалавек мае права сёньня падпісацца яшчэ і псэўданімам».

«Свабода» сёньня неаднойчы спрабавала зьвязацца і з Паўлам Якубовічам. Аднак ён на сувязь ня выйшаў.

Закрануў Аляксандар Лукашэнка і амбасадара Расеі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава, назваўшы яго «вельмі экзатычным чалавекам». Маўляў, «мы пра ўсё дамовіліся ў Маскве, а ён у гэты час гаворыць пра гэтую мазьню, пра растваральнікі, разбаўляльнікі… Вельмі экзатычны чалавек».

Прэсавы сакратар амбасады Ўладзімер Марчукоў сказаў «Свабодзе», што амбасадар Сурыкаў даручыў яму перадаць для нашага радыё наступнае:

«Амбасадар быў улешчаны тым, што прэзыдэнт пра яго згадаў. Гэта ягонае даслоўнае выказваньне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG