Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 чэрвеня 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Злучаныя Штаты хочуць стварыць сыстэму супрацьракетнай абароны, своеасаблівы шчыт супраць патэнцыйнай атакі з боку такіх непрадказальных краінаў, як Паўночная Карэя ды Ірак. Аднак дзеля гэтага неабходна ўнесьці зьмены ў дагавор аб супрацьбалістычных ракетах з 72-га году, супраць чаго рашуча выступае Расея…

Адносна мэтазгоднасьці новай сыстэмы няма паразуменьня і ў самых Злучаных Штатаў і за мяжой. Скептычна да амэрыканскага пляну ставяцца нават саюзьнікі ЗША. Спрабуючы заручыцца прынамсі іх падтрымкай, ЗША абяцаюць, што падзеляцца з "цывілізаванымі краінамі" новай тэхналёгіяй.

Пра гэта выразна заявіў учора прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан. У часе прэс-канфэрэнцыі пасьля эканамічнага саміту зь лідэрамі Эўразьвязу ў Партугаліі Клінтан сказаў наступнае:

(Клінтан: ) "Я не думаю, што мы маглі б авалодаць тэхналёгіяй, якая б уратавала нас ад новых пагрозаў, перад якімі стаяць і іншыя цывілізаваныя дзяржавы, ядзерныя і бязьядзерныя, якія аднак падпарадкоўваюцца рэжыму нераспаўсюджваньня ядзернай зброі, і не падзяліцца зь імі гэтай тэхналёгіяй. Я думаю, што гэта было б неэтычна":

Ён не ўдакладніў, зь якімі канкрэтна краінамі ЗША гатовыя падзяліцца навейшымі тэхналёгіямі і ці была б сярод іх Расея. Клінтан сказаў толькі: " Мы дзелімся з расейцамі шмат якой інфармацыяй і абяцалі, што будзем гэта рабіць і надалей".

Хаця прэзыдэнт ЗША адзначыў, што ён заўсёды быў гатовы падзяліцца з саюзьнікамі новымі тэхналёгіямі, аднак ягоныя дараднікі кажуць, што дагэтуль публічных выказваньняў Клінтана на гэты конт яны ня чулі. На падобнае пытаньне прадстаўнік Белага Дому Джо Лёкгард ухіліста адказаў, што "канкрэтна пра гэта гаварыць зарана, паколькі само рашэньне аб новай сыстэме абароны яшчэ не прынятае".

Толькі прыканцы году Клінтан мае падпісаць плян стварэньня новай сыстэмы абароны, якая будзе каштаваць прыблізна 60 мільярдаў даляраў. (Дарэчы, Злучаныя Штаты ўжо выдаткавалі 60 мільярдаў даляраў на разьвіцьцё супрацьракетнай абароны).

Газэта Washington Post лічыць, што ў заяве Клінтана няма нічога надзвычайнага. Прэзыдэнт Рэйган, які выступіў зь ініцыятывай гэтак званых "зорных войнаў", пабудовы касьмічнага, супрацьракетнага шчыта, і ягоны пераймальнік Буш таксама тэарэтычна былі гатовыя падзяліцца некаторымі тэхналёгіямі з Расеяй.

З заявай адносна новых тэхналёгіяў Клінтан выступіў дакладна восем дзён пасьля таго, як сваю пазыцыю ў пытаньнях абароны выклаў кандыдат ад рэспубліканцаў на пасаду прэзыдэнта ЗША Джордж Буш (малодшы). Буш адназначна заявіў, што ўлічваючы новыя пагрозы, новая сыстэма Злучаным Штатам неабходная.

На ягоную думку, у будучыні, раўнавагі сілаў паміж ЗША і Расеяй будзе недастаткова. Расея і ЗША могуць скарачаць свае ядзерная арсэналы, але ў міжчасе будзе павялічваць свой арсэнал напрыклад Кітай, а яшчэ іншыя краіны будуць распрацоўваць новыя тэхналёгіі на нікога не аглядаючыся.

Паводле Буша, новая сыстэма абароны павінна быць больш пашыранай, як бы таго хацела адміністрацыя Клінтана. Справа ў тым, што Клінтан згодны з Расеяй у пытаньні таго, што плян ЗША парушае Дамову ад 1972-га году і гатовы задаволіцца абмежаванай сыстэмай абароны.

Буша гэта не задавальняе. Ён абяцаў, што ў выпадку абраньня прэзыдэнтам ЗША, ён разгарне парасон новай сыстэмы абароны таксама над саюзьнікамі. Буш хацеў бы, каб Клінтан ў Маскве лепш нічога не падпісваў і ня йшоў на саступкі, каб не зьвязваць рук свайму пераймальніку.

На думку аналітыка з газэты New York Times Томаса Грээма, "Злучаныя Штаты павінны размаўляць з расейцамі і улічваць іхную рэакцыю, але павінныя рабіць сваё з думкай пра сябе і пра сваіх саюзьнікаў. Пакуль гэтага не зроблена, ЗША павінныя быць вельмі асьцярожныя пры падпісаньні якіх-небудзь дагавораў з Масквою".

Аглядальнікі лічаць, што Буш і ягоныя прыхільнікі ня маюць чаго баяцца. Расея цьвёрда адстойвае сваю пазыцыю і заяўляе, што ў выпадку парушэньня Вашынгтонам Дамовы ад 1972-га году, Масква адмовіцца ад усіх іншых дагавораў і спыніць супрацоўніцтва ў галіне нераспаўсюджваньня ядзернай зброі і ракетных тэхналёгіяў. Сама адміністрацыя Клінтана не ускладае празьмерных спадзяваньняў на маскоўскі саміт. Дараднік у пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Сэнды Бэргэр заявіў, што саміт проста дазволіць бакам выказаць свой пункт гледжаньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG