Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 чэрвеня 2000 г.


Юры Дракахруст, Прага

(эфір 31 траўня)
Заявы Лукашэнкі прыводзяць да пагаршэньня адносінаў Беларусі нават з краінамі СНД. Заклік кіраўніка Беларусі да Ўзбэкістану ізноў стаць сябрам дамовы пра калектыўную бясьпеку выклікаў рэзкі адпор з боку Ташкенту…

МЗС Узбэкістану назваў заяву Лукашэнкі "брутальнай і неабдуманай". Было падкрэсьлена, што кіраўніку Беларусі ніхто не даваў паўнамоцтваў рабіць падобныя заявы. "Кожная сувэрэная дзяржава мае права сама вырашаць, у якія саюзы і ваенна-палітычныя блёкі ёй ўступаць. Шантаж і іншыя мэтады ціску тут недарэчныя," – гаворыцца ў заяве замежнапалітычнага ведамства Узбэкістану.

Такую рэзкую рэакцыю выклікалі папрокі Лукашэнкі, якія прагучалі пасьля менскай нарады краінаў-ўдзельніц дамовы пра калектыўную бясьпеку. "Узбэкістан хочы атрымаць падтрымку ад Расеі ды іншых краінаў СНД, але не ўступае ў дамову. Хочаш атрымаць падтрымку – уступай у дамову,"- заявіў беларускі лідэр.Ён нагадаў, што пад час саміту ў Менску было прынятае рашэньне, паводле якога прыярытэт у пытаньнях бясьпекі будзе надавацца краінам-удзельніцам.

Адказваючы на "парады" Лукашэнкі, МЗС Узбэкістану падкрэслівае, што дамова пра ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва паміж Масквою і Ташкентам адпавядае інтарэсам абодвух бакоў, і што кіраўніку Беларусі ня варта браць на сябе няўдзячную місію супрацьпастаўленьня адных краінаў СНД другім.

Даволі часта Лукашэнка гаворыць тое, пра што маўчыць гаспадар Крамля. Ці не адбылося гэтак жа і з заяваю кіраўніка Беларусі наконт удзелу Узбэкістану ў дамове пра калектыўную бясьпеку, ці ня гэтым была выкліканая жорсткасьць адказу Ташкенту? Вось меркаваньне на гэты конт аглядальніка газэты "Московские новости", спэцыяліста ў палітычных праблемах Цэнтральнае Азіі Санабар Шэрматавай.

(Шэрматава):"Ташкент выдатна разумее, што стаіць за намекам Лукашэнкі. Паводле інфармацыі, што я маю, стаіць не Расея , а суседзі Узбекістану, якія ўвайшлі ў гэтую дамову. Масква, наколькі я ведаю, не настойвае зараз на вяртаньні Узбэкістану ў дамову. Масква і Ташкент і цяпер звязаныя шчыльным доўгатэрміновым стратэгічным і ваена-тэхнічным супрацоўніцтвам. Я мяркую, Пуцін разумее, што Ташкенту гэта вельмі цяжка, Ташкент больш як год таму выйшаў з дамовы і вельмі не па-усходняму атрымаецца, калі ён заявіць пра вяртаньне. Ташкенту трэба "захаваць твар".

На думку аглядальніка "Московских новостей", антылукашэнкаўская заява МЗС Узбэкістану мае сымбалічны сэнс:

(Шэрматава): "Цудоўна ведаючы, што Масква не настойвае на ўваходжаньні Ташкенту ў дамову і маючы гарантыі ад Пуціна , Узбэкістан дае зразумець суседзям, што Ташкент мае асобныя адносіны з Расеяй, а вы, маўляў, не мяшайцеся".

Магчыма, сапраўды, на гэты раз Лукашэнка спрабуе весьці сваю гульню ў Цэнтральнае Азіі разам зь ізноў знойдзеным сябрам – казахстанскім лідэрам Нурсултанам Назарбаевым. Альянс паміж двума лідарамі аформіўся на менскім саміце краінаў-удзельніц мытнага саюзу, калі Назарбаеў і Лукашэнка разам дамагаліся ад Пуціна згоды Расеі на стварэньне зоны свабоднага гандлю.

Але і новую палітыку з новым сябрам беларускі кіраўнік праводзіць ва ўласьцівым яму стылі: раздаючы павучэньні, шукаючы і знаходзячы ворагаў. Агучваць пажаданьні Казахстану, якія Астане публічна заяўляць ня вельмі ёмка – справа ня больш удзячная, чым агучваць пажаданьні Масквы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG