Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 01 чэрвеня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Спроба афіцыйных уладаў праз стварэньне дэпартамэнту гуманітарнае дзейнасьці ўзмацніць кантроль дзяржавы за паступленьнем гуманітарных грузаў у краіну не прынесла плёну ў справе пашырэньня дапамогі Беларусі з боку Захаду. Пра гэта казалі сёньня прадстаўнікі шэрагу нямецкіх дабрачынных арганізацыяў, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі.

Прадстаўнікі каля 20 дабрачынных арганізацыяў зь нямецкай зямлі Ніжняя Саксонія, што аб'яданыя ў кантактнае бюро "Нікабел", знаходзяцца цяпер у Беларусі. Яны прыехалі сюды некалькі дзён таму, каб сустрэцца са сваім даўнім партнэрам – беларускім дабрачынным фондам "Дзецям Чарнобыля". Госьці зь Нямеччыны правялі два дні ў чарнобыльскай зоне, бачыліся з хлопчыкамі й дзяўчынкамі, якія прыяжджалі на адпачынак у Ніжнюю Саксонію, іхнымі бацькамі. А сёньня ў фондзе "Дзецям Чарнобыля" правялі прэсавую канфэрэнцыю.

Кіраўнік групы, намесьнік старшыні кантактнага бюро "Нікабел" Гюнтар Вэрс адзначыў: чарговы раз ён пераканаўся, што эфэктыўнага супрацоўніцтва зь Беларусьсю дасягнуць немагчыма да таго часу, пакуль гуманітарнай дзейнасьцю не пачнуць тут займацца выключна дэмакратычныя структуры.

Спадар Вэрс параўновае сёньняшнюю сытуацыю з той, якая была да стварэньня дэпартамэнту гуманітарнае дзейнасьці. Параўноўваць яму ёсьць з чым, паколькі "Нікабел" створаны амаль 10 год таму, і за гэты час дапамог палепшыць здароўе больш як 15 тысячам беларускіх дзяцей.

(Вэрс: ) "Стварэньне гэтага дэпартамэнту мы ўжо адчулі. Але, на жаль, ня ў тым сэнсе, што нам стала лягчэй працаваць. Наадварот, усе працэсы моцна замарудзіліся. Калі раней на мытні стаялі некалькі гадзінаў, дык цяпер прастойваем тыднямі! Рэчы, якія мы прывозім, зачыняюць у сховішчах, а калі нарэшце настае дзень іхнага разьмеркаваньня, высьвятляецца, што там няма й паловы таго, што мы прывезьлі…"

Выказаліся госьці й наконт нядаўняга вiзыту ў Беларусь дэлегацыi кiраўнiкоў некаторых арганiзацыяў Нямеччыны, у пераважнай бальшыні – дзяржаўных, якiя аказваюць дапамогу ў мiнiмiзацыi наступстваў Чарнобыльскае катастрофы.

Тую дэлегацыю запрашаў і прымаў Аляксандар Лукашэнка. Спадар Вэрс спрабаваў даведацца празь беларускую амбасаду ў Берліне, чаму тады не было запрошанае бюро "Нікабел". Яму адказалі, што не было адпаведнае заяўкі ад фонда-партнэра. А зараз Гюнтар Вэрс даведаўся, што ў фондзе "Дзецям Чарнобыля" пра гэтую сустрэчу даведаліся толькі тады, калі яна ўжо адбылася, а значыць, аніяк не маглі даслаць адпаведны ліст.

Між тым, прадстаўнікі "Нікабелу" вельмі хацелі сустрэцца з Лукашэнкам зусім ня дзеля таго, каб атрымаць падзяку. Яны хацелі спытацца ў Лукашэнкі – чаму ўсталяваныя такія дрэнныя ўмовы для паступленьня гуманiтарных грузаў, чаму яны так доўга затрымлiваюцца на польска-беларускай мяжы, чаму былі выпадкі, калі беларускія мытнікі загадвалі спаліць лекі?… І такіх "чаму" вельмі шмат.

XS
SM
MD
LG