Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 чэрвеня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня, ва Ўсясьветны дзень абароны дзяцей, нашая карэспандэнтка наведала Менскі абласны дзіцячы спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік.

Дзіцячы спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік разьмешчаны на вуліцы Акрэсьціна, побач з будынкам сумнавядомага спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка для дарослых, дзе ўтрымліваюцца да суду й адбываюць пакараньне затрыманыя ўдзельнікі апазыцыйных акцыяў.

Спэцпрыёмнік для дзяцей ад 3 да 18 гадоў разьлічаны на 50 чалавек. Ёсьць некалькі шляхоў, якія могуць прывесьці малых у гэтую ўстанову. Трапляюць сюды дзеці, якія заблудзілі, адбіліся ад бацькоў. Нямала тых, чые бацькі зьехалі, а іх пакінулі на чужога чалавека. Ёсьць дзеці, якія самахоць сышлі зь сям'і ад бацькоў-алькаголікаў, або з шматдзетнае сям'і, якую бацькі ня здольныя пракарміць. Сустракаюцца падлеткі, якія паводле судовага рашэньня накіроўваюцца ў спэцшколы й спэц-ПТВ. Калі дзецям пашанцуе зьбегчы адтуль, яны рызыкуюць зноў трапіць назад праз спэцпрыёмнік…

Адзін з такіх уцекачоў Аляксандар Леановіч так растлумачыў свае ўцёкі:

(Леановіч: ) "Мы жылі: я, мама, сястра й айчым. Айчым, калі піў, біў маму. А мая мама… Яна павінна была нарадзіць дзіця. І ён памёр у яе ўнутры, і здарылася заражэньне крыві. Айчым некуды зьехаў. Зь нейкай іншай цёткай жыць. Я зьняў з машыны магнітолу, каб прадаць і купіць сабе што-небудзь паесьці. Быў суд, і мяне адправілі ў СПТУ. Я зьбег адтуль. Там білі. Выхавацелі. Вось спозьнішся на 5 хвілінаў, а яны білі рукамі, нагамі. Зьневажалі. Горш за ўсё там сіротам. Бо тыя, хто жыве ў Магілеве, могуць паскардзіцца бацькам. А на нас заўсёды злосьць "зрывалі". Зараз мяне туды зноў павінныя адправіць."

Шмат дзяцей бягуць у Беларусь з расейскіх дзіцячых установаў, а беларускія дзеці намагаюцца схавацца ў Расеі. Сёньня адзін такі хлопчык – Аляксей Жавотка з Пскоўскай вобласьці – чакае ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку адпраўкі ў Расею. Вось што ён распавёў нашаму радыё:

(Жавотка:) "Я – сірата. Я патрапіў у інтэрнат. Там мяне білі. Раптам я нешта не зраблю, не куплю нешта. Выхавацелька мяне біла за тое, што я не купляў ёй цыгарэтаў, не хадзіў па гарэлку, калі сьвята было. Хлопцы хадзілі. І іх прымушалі, каб яны таксама мяне білі. Пасьля я адтуль зьбег. Калі я адтуль зьбягаў, мяне адсюль павінныя адвесьці ў Санкт-Пецярбург. У прыёмнік. Пасьля я паеду з прыёмніка на цягніку да Пскова. А з Пскова я таксама зьбягу, таму што мяне змогуць зьбіць. Таму што ў нас там жорсткія людзі. Асабліва Курачкін, які можа й забіць…"

Усе дзеці ў спэцпрыёмніку (а сёньня іх там больш за 20 чалавек) адказалі, што, нягледзячы на нармалёвае харчаваньне, яны б з задавальненьнем пайшлі адсюль, бо тут, як у турме. Дзеці паказвалі на краты на вокнах, на замкі ў дзьверах. Скардзіліся, што ня маюць магчымасьці пагуляць у двары, калі пажадаюць, бо ўсё падпарадкавана "Правілам унутранага раскладу".

Гэтыя Правілы на сьцяне ды старэнькі кампутар ад нямецкіх спонсараў – бадай, адзінае ўпрыгожаньне пакоя для гульняў. У Правілах, у прыватнасьці, напісана: дзеці павінныя спаць, не закрываючы галаву прасьцінаю, а рукі трымаць паверх коўдры.

Мы зьвярнуліся да начальніка спэцпрыёмніка Яўгена Шыпіцына, каб ён распавёў нашаму радыё пра сваю працу:

"…Мы намагаемся не злоўжываць турэмнай атрыбутыкаю. Пакоі ў нас утульныя, гэта немцы нам зрабілі рамонт, набылі нармальныя ложкі. Дзеці маюць трохразовае харчаваньне.:Да нас прыходзяць праваслаўныя сьвятары й хрысьцяць дзяцей. Чаму праваслаўныя? А таму, што сам я з Расеі, праваслаўны… і, пакуль я тут буду начальнікам, аніякі каталік ці ўніят сюды ня прыйдзе!", – паведаміў Яўген Шыпіцын.

Летась празь дзіцячы спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік прайшлі 819 дзяцей. Паколькі спэцшколы перапоўненыя і не хапае для ўсіх месцаў, а ў спэцпрыёмніку нельга ўтрымліваць дзяцей больш за 30 сутак, дык іх папросту адпускаюць дадому. І для дзіцяці ўсё паўтараецца спачатку.

XS
SM
MD
LG