Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 чэрвеня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

У хуткім часе ў Беларусі выйдзе багата ілюстраванае выданьне, прысьвечанае Аляксандру Лукашэнку.

Падрыхтаванае да друку выданьне – фотаальбом. Тэкстаў там будзе няшмат – толькі афіцыёзнае ўступнае слова, а тэкстоўкі пад фотаздымкамі проста апісваюць тых, хто на іх адлюстраваны. Здымкі таксама выключна афіцыёзныя. У альбом уключаныя фота толькі аднаго майстра – Пятра Кастрамы, які апошнім часам зьяўляецца асабістым фатографам Лукашэнкі.

Цікава, што ў альбом не ўвайшлі здымкі маці й жонкі, а таксама роднае хаты Лукашэнкі. Плянуецца надрукаваць толькі фота ягоных сыноў і нявесткі.

Варта адзначыць, што, нягледзячы на любоў Лукашэнкі да самарэклямы, прысьвечаных асабіста яму кніг да сёньняшняга дня не было. Некалькі гадоў таму ў газэце "Знамя Юности" друкаваліся часткі нейкага рамана пад назваю "Першы прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь". Гэтая кніга, магчыма, была ідэялягічна правільнай, аднак напісана яна была вельмі дрэнна. Відаць, таму яе дагэтуль не надрукавалі як асобнае выданьне.

Ідэя выданьня фотаальбому належыць кіраўніку Дзяржкамдруку Міхалу Падгайнаму. Спачатку плянавалася, што прыгожы альбом будзе надрукаваны да 45-годзьдзя Лукашэнкі, якое ён адзначаў летась. Аднак ідэя зьявілася празьмерна позна. Вядома, што тэхналягічныя магчымасьці беларускае паліграфіі не адпавядаюць сучасным патрабаваньням, таму кніга не была надрукавана з-за тэхнічных прычынаў.

Потым зьявіліся палітычныя прычыны для адтэрміноўкі. Паколькі летась разгарэўся канфлікт вакол былой Югаславіі, ідэёлягі аніяк не маглі вырашыць, якія фотаздымкі пакінуць у альбоме – тыя, дзе Лукашэнка побач зь Білам Клінтанам, ці тыя, дзе ён здымаўся са Слабаданам Мілошавічам. Нягледзячы на тое, што беларускае кіраўніцтва ў той час заняло антыамэрыканскую пазыцыю, аўтары кнігі ўсе ж не рызыкнулі выкінуць фотаздымак, на якім Лукашэнка ў смокінгу стаіць побач з амэрыканскім прэзыдэнтам.

Потым, паколькі канфлікт на Балканах заціх, было вырашана пакінуць здымкі і зь Мілошавічам, і з Клінтанамі. Да таго ж у альбоме шмат здымкаў замежных візытаў і паездак па краіне Лукашэнкі, а таксама фатаграфіяў, прысьвечаных таму, як Лукашэнка прымае гасьцей, займаецца спортам і сельскай гаспадаркаю, трымае на руках дзяцей…

Калі гэтая кніга ўбачыць свет, пакуль невядома. Падрыхтоўку выданьня вяло выдавецтва "Беларусь", а друкаваць яго плянуецца на фабрыцы каляровага друку. Фотаальбом павінен выйсьці адмысловым накладам 1 тысяча асобнікаў у супэрвокладцы для супрацоўнікаў адміністрацыі прэзыдэнта. А 4 тысячы асобнікаў мусяць паступіць у вольны продаж.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG