Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 чэрвеня 2000 г.


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Скончыўся тэрмін, вызначаны адміністрацыяй Цэнтральнага рынку ў Пінску для прадпрымальнікаў, якія гандлююць харчовымі таварамі, калі яны павінныя пакінуць свае мейсцы. Сёньня зранку прадпрымальнікі апасаліся, што выганяць іх адміністрацыя рынку прыйдзе разам зь міліцыянтамі…

Два тыдні таму прадпрымальнікі, якія гандлююць на цэнтральным кірмашы імпартовымі харчовымі таварамі даведаліся, што паводле рашэньня адміністрацыі яны мусяць пакінуць свае рабочыя майсцы, якія знаходзяцца пад дахам, бо вяскоўцам, што прыязджаюць прадаваць сваю садавіну ды агародніну прыходзіцца стаяць пад адкрытым небам. А гэта, паводле новых санітарных правілаў, ёсьць недапушчальным.

Апроч таго, дырэктар кірмашу Павал Пракопчык заявіў, што трэба выконваць вуснае распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі, які патрабуе, каб лепшае мейсца на кірмашах аддавалі менавіта вытворцам сельгаспрадукцыі. Таму, замест таго, каб пабудаваць дахі над усімі гандлёвымі мейсцамі, прадпрымальнікам прапанавалі набыць гандлёвыя палаткі і перамясьціцца ў іншы куток кірмашу.

Аднак, паводле словаў прадпрымальнікаў, зь некаторымі харчовымі таварамі, у прыватнасьці з цукеркамі і шакалядай, летам у палатках гандляваць немагчыма пры высокай тэмпературы, якая ўнутры палаткі становіцца вышэй, чым навокал. Але адміністрацыю гэтыя аргумэнты не пераканалі, і прадпрымальнікаў папярэдзілі, што да канца месяца ім неабходна пакінуць свае мейсцы.

Тады гандляры заявілі, што зь мейсцаў пойдуць толькі пад міліцэйскім прымусам. Сёньня зраніцы прадпрымальнікі рыхтаваліся да непрыемнасцяў, аднак цягам дня нічога не абылося. Гандляры лічаць, што адміністрацыя, пабачыўшы арганізаваны пратэст, папросту ня хоча публічнага скандалу, таму і зьбіраецца выцясьніць гандляроў іншымі шляхамі.

Да прыкладу цягам апошняга тыдню нават за дробныя парушэньні правілаў гандлю гандлёвых мейсцаў пад дахам былі пазбаўлены каля дзесяці прадпрымальнікаў. У адміністрацыі рынку нам паведамілі, што прадпрымальнікі пакуль застаюцца на сваіх мейсцах, дзякуючы надвор'ю, бо ў выніку маразоў загінуў ураджай некаторых відаў садавіны, і гандляроў зь вёскі зараз няшмат.

Аднак у хуткім часе прадпрымальнікі ўсё роўна будуць вымушаныя пакінуць свае мейсцы. А тым часам ўчора на сэсіі Пінскага нарсавету была прынята пастанова аб ўвядзеньні дадатковых мясцовых падаткаў. У прыватнасьці, прадпрымальнікі, якія гандлююць імпартовай харчовай прадукцыяй, якіх пераважная большасьць, будуць вымушаныя сплочваць у мясцовы бюджэт ад аднаго да трох мінімальных заробкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG