Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 чэрвеня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Польскія прыхільнікі творчасьці беларускага мастака Алеся Пушкіна не дачакаліся яго на шырока разрэклямаванае выставе ў Варшаве. Беларускія ўлады пазбавілі Пушкіна права паказваць свае працы ня толькі ў Польшчы, але і ў любой іншай краіне сьвету...

Алеся Пушкіна разам зь яшчэ некалькімі мастакамі запрасіў у Варшаву дырэктар Цэнтру сучаснага мастацтва Войцэх Крукоўскі. Гэты цэнтар наладзіў вялікую выставу сучаснага мастацтва Беларусі, якая будзе экспанавацца ў польскай сталіцы цягам траўня–ліпеня. Непасрэдна Алеся Пушкіна арганізатары імпрэзы запрашалі прыехаць у Варшаву ад 20 траўня да 5 чэрвеня.

Атрымаўшы запрашэньне за подпісам Войцэха Крукоўскага, Алесь Пушкін, як законапаслухмяны грамадзянін, зьвярнуўся па месцы жыхарства ў Крупскі раённы аддзел міліцыі з просьбаю дазволіць выезд за мяжу. Рэч у тым, што мастак паводле патрабаваньня судовых ворганаў даваў падпіску аб нявыезьдзе.

Нашыя слухачы памятаюць, што Алесь Пушкін быў асуджаны за мастацкую акцыю ля будынку адміністрацыі прэзыдэнта ў дзень заканчэньня паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. Арыгінальны творчы акт суд ацаніў двума гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкаю выкананьня прысуду. Увесь гэты час Алесь Пушкін будзе знаходзіцца пад наглядам міліцыі. Таму, каб выехаць куды-небудзь, ён мусіць прасіць у наглядчыкаў дазволу.

Замест дазволу крупскія міліцыянты зрабілі ў пашпарце мастака наступны запіс: "23 мая Пушкину А.Н. отказано в выезде в Варшаву. Основание осужден на 2 года с отсрочкой приговора. Паспортно-визовой службой Крупского РОВД онулировано разрешение на выезд во все страны мира до окончания срока до 25.11.2001. Старший инспектор исправительно-трудовых работ Крупского РОВД майор милиции Гурко В.А." А на пячатцы, якая дазваляе выезд ва ўсе краіны сьвету, міліцыянты паставілі штэмпель са словам "анулявана".

Алесь Пушкін з гэтым ня згодны. Са скаргаю на дзеяньні ўлады мастак зьвярнуўся ў праваабарончы цэнтар "Вясна". Гаворыць старшыня цэнтру Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) "Ён скардзіцца, па-першае, што яму анулявалі за заплочаную візу фактычна зь 2001 да 2003 году. Анулявалі два гады, якія павінныя былі пакінуць. І з другога боку, гэта, безумоўна, рашэньне такое – ціск, можна сказаць, на творчую асобу".

Тым часам шырока разрэклямаваная арганізатарамі выстава сучаснага беларускага мастацтва адчынілася ў Варшаве, не дачакаўшыся рэпрэсаванага Алеся Пушкіна.

XS
SM
MD
LG