Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 чэрвеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пракуратура Беларусі заявіла пратэст на прысуд, што быў вынесены Міхалу Чыгіру гарадзкім судом Менску. Адначасова ўзбуджаная крымінальная справа супраць жонкі Чыгіра Юліі, якая абвінавачваецца ў супраціве міліцыі…

Супрацоўнік гарадзкое пракуратуры Віктар Жынгель, які прадстаўляў дзяржаўнае абвінавачваньне на працэсе над Міхалам Чыгіром, заявіў, што ім унесены пратэст на рашэньне суду.

З прысудам тры гады зьняволеньня з адтэрміноўкаю на два гады пракурор ня згодны. Ён спадзяецца, што суд вышэйшае інстанцыі інакш паставіцца да аргумэнтаў, сабраных сьледчымі, і да патрабаваньняў пракуратуры. А яна, нагадаю, прасіла ад суда пакараць Чыгіра пяцьцю гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Міхал Чыгір на заяву пракурора Жынгеля адрэагаваў каротка: "Бачна, што пракуратуры няма чаго рабіць", – сказаў Чыгір. Ён сьцьвярджае, што на працэсе ўсе маглі пераканацца ў ягонай невінаватасьці ва ўсіх прад'яўленых эпізодах, таму паўторнае разьбіральніцтва толькі на ягоную карысьць.

Упартасьць пракурора Чыгір тлумачыць ягонай залежнасьцю ад кіраўніцтва…

(Чыгір: ) "Пры чым тут пракурор Жынгель? Усё вырашаецца значна вышэй. Пракурор Жынгель нават сабе прамовы не пісаў, я ўпэўнены. Гэта было відаць у залі паседжаньняў. Калі ўзьнікала нейкае новае пытаньне, то рабілі перапынак. Жынгель бег, некаму тэлефанаваў, узгадняў свае далейшыя дзеяньні."

Экс-прэм'ер Міхал Чыгір схільны думаць, што рашэньне пракурора Жынгеля зьвязанае з заяваю Аляксандра Лукашэнкі, зробленай на паседжаньні грамадзка–палітычнага дыялёгу…

(Чыгір: ) "Ну, пайшлі патрабаваньні Эўрапейскага Зьвязу, АБСЭ, Злучаных Штатаў Амэрыкі аб пераглядзе маёй справы і аб тым, каб мне далі магчымасьць у Беларусі палітычна дзейнічаць і жыць. А пракуратура насупраць дзейнічае і гаворыць, што мяне павінныя пазбавіць волі. Ідзе барацьба. Вы ж ведаеце, Лукашэнка прызнаў: пры чым тут суды, пракуратура, калі ён сам прыняў рашэньне зь Вікам. Я гэта ўпершыню пачуў. Мне Вік ніколі такога не гаварыў, а Лукашэнка сказаў, што гэта так. Для таго, каб зрабіць выгляд, што тут дзейнічаюць суды, пракуратура. Трацяцца вялікія дзяржаўныя грошы, але ўсе гэтыя справы вырашае прэзыдэнт".

Гэтак лічыць экс-прамьер Міхаіл Чыгір.

Дарэчы, цяпер ў шэрагу абвінавачваных пракуратураю апынулася й жонка Чыгіра Юлія Станіславаўна. Днямі яна была запрошаная ў пракуратуру Фрунзэнскага раёну Менску да старшага сьледчага Зьміцера Шкарупы. Ён паведаміў, што супраць яе ўзбуджана крымінальная справа ў факце нанясеньня траўмы міліцыянту пад час падзеяў 19 траўня ў будынку суда.

Нагадаю, на Юлію Чыгір тады накінуўся міліцыянт, і яна ўкусіла яго за вуха. Жонка экс-прэм'ера сьцьвярджае, што проста абараняла сябе, бо міліцыянт напаў на яе, не назваўшы яе, з-за сьпіны ды яшчэ й нанес траўму рукі, пра што сьведчыць мэдычная даведка.

Юлія Чыгір у той жа дзень падала скаргу ў Фрунзэнскую раённую пракуратуру, і вось цяпер высьвятляецца, што пракуратура адрэагавала не на яе заяву, а на скаргу міліцыянта. Пры гэтым сьледчы, – сьцьвярджае Юлія Чыгір, – выказваўся вельмі няпэўна.

Гэткім жа няпэўным быў старшы сьледчы Шкарупа і ў сёньняшняй размове са мною. Што супраць Юліі Чыгір справа сапраўды ўзбуджаная, ён пацьвердзіў пасьля некалькіх адмоваў.

У выніку асабіста я зрабіў выснову, што сьледчы сам ня ведае, што яму рабіць са справаю, разьбірацца ў якой даручыла начальства. Вось фрагмэнт нашае гутаркі…

(Карэспандэнт: ) "А пацярпелы што кажа?"

(Шкарупа: ) "А яна што кажа?"

(Карэспандэнт: ) "А пацярпелы, я пытаюся, што гаворыць? Міліцыянт, якога яна пакусала?"

(Шкарупа: ) "Тое ж, што й яна…"

(Карэспандэнт: ) "Фактычна ён пацьвярджае яе словы?"

(Шкарупа: ) "Ну, да. Яна так і гаварыла…"

(Карэспандэнт: ) "А Вы нам яго прозьвішча не назавеце?"

(Шкарупа: ) "Навошта? Сэнсу нешта тут высьвятляць няма, бо няясна.

Гэта быў сьледчы Фрунзэнскае пракуратуры Зьміцер Шкарупа. Калі ён знойдзе пацьверджаньне віны жонкі Чыгіра, дык зможа прад'явіць ёй абвінавачваньне, у адпаведнасьці зь якім ёй пагражае ад аднаго да пяці гадоў турмы, ці папраўчая праца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG