Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 траўня 2000 г.


Прэзыдэнт Расеі апынуўся ў цэнтры барацьбы за ўплыў на Крэмль паміж некалькімі моцнымі групоўкамі. Адну зь іх прадстаўляе вядомы расейскі магнат Барыс Беразоўскі. Ягоны ліст Уладзіміру Пуціну з крытыкай адміністрацыйнай рэформы сьведчыць пра ўзмацненьне ўнутрыпалітычнай барацьбы.Такую выснову робяць некаторыя заходнія СМІ, у прыватнасьці, газэта Washington Post

Ліст Барыса Беразоўскага Уладзіміру Пуціну наконт указу аб утварэньні сямі фэдэральных акругаў, а таксама законапраектаў аб умацаваньні так званай "вэртыкалі ўлады" зьявіўся напярэдадні абмеркаваньня ў Дзяржаўнай Думе.

Дэпутат Думы Беразоўскі, у прыватнасьці, піша:
"У сукупнасьці прапанаваная рэформа фэдэральнай арганізацыі мае шмат якія характарыстыкі савецкай сыстэмы ўзаемадачыненьняў цэнтру й рэгіёнаў. Як вядома, гэтая сыстэма аказалася няздольнай эфэктыўна спраўляцца з канфліктамі паміж цэнтрам і пэрыфэрыяй, што, урэшце, і сталася адной з галоўных прычынаў распаду СССР."

Беразоўскі робіць выснову, што ўказ і законапраекты кардынальным чынам зьмяняюць дзяржаўны лад Расеі. "Такое рашэньне ў дэмакратычным грамадзтве немагчыма прымаць без шырокага, адкрытага грамадзкага абмеркаваньня і рэфэрэндуму" — напісаў ён у сваім лісьце Пуціну.

Газэта Washington Post зазначае ў сёньняшнім нумары, што крытыка, выказаная Беразоўскім, сьведчыць пра цяжкасьці, якія могуць чакаць згаданыя прапановы Пуціна. Частка губэрнатараў ніяк не адрэагавала на ягоны плян, аднак цяпер, усьлед за Беразоўскім, яны могуць выказаць свае адносіны на гэты конт.

Беразоўскі – нагадвае газэта – займае цэнтральнае мейсца сярод тых крамлёўскіх дарадцаў і фінансістаў, якія дапамаглі Пуціну прыйсьці да ўлады. І ягонае рашэньне выступіць супраць плянаў Пуціна, магчыма, сьведчыць аб сур"ёзнай барацьбе за ўладу, якая разгарнулася вакол прэзыдэнта.

Нядаўна Пуцін назваў крытыкаў свайго пляну правакатарамі.
Пуцін, відавочна, апынуўся ў цэнтры барацьбы за ўплыў у Крамлі, якую вядуць тры групоўкі. У першую ўваходзяць службы бясьпекі і вайскоўцы, якія разьвязалі вайну ў Чачні ды выступаюць за жорсткія меры ў адносінах да рэгіёнаў.

Да другой групы належаць эканамісты лібэральнага кірунку, якіх Пуцін запрасіў дзеля правядзеньня рэформаў, у прыватнасьці, у падаткавай сфэры.

У трэцюю групоўку ўваходзіць так званая "Сям"я", да якой належаць асобы, блізкія да былога прэзыдэнта Ельцына, што дапамаглі Пуціну перамагчы на выбарах. Беразоўскага залічваюць менавіта да гэтай групоўкі, якая, фактычна, ніколі не крытыкуе цяперашняга прэзыдэнта.

Пуцін, адзначае далей Washington Post , спрабуе запэўніць губэрнатараў, што ён не зьбіраецца адбіраць у іх уладу. На сустрэчы ў Крамлі зь кіраўнікамі рэгіёнаў Паўночнага Каўказу ён заявіў, што мэта новай сыстэмы ўлады – забясьпечыць аднолькавае тлумачэньне законаў на ўсёй тэрыторыі Расеі.

Ён прапанаваў губэрнатарам права здымаць з пасадаў кіраўнікоў мяйсцовых ворганаў улады. Але Беразоўскі ўспрымае гэта як замах на мяйсцовую эліту, да якой ён залічвае прадпрымальнікаў.

"Пуцін зьнішчае гэтую эліту. Ён гаворыць дзясяткам тысячаў палітыкаў верхняга эшалёну: я магу вас звольніць. Гэта цалкам непрымальна," – цытуе словы Беразоўскага Washington Post.

У сёньняшнім інтэрвію расейкаму тыднёвіку "Аргументы і факты" Беразоўскі выказаў сумненьні адносна таго, што "Пуцін гатовы цьвёрда сьледваць дэмакратычным прынцыпам."

Варта нагадаць, што прапанаваная Пуціным сыстэма так званай "вэртыкалі" ўжо створаная Лукашэнкам у Беларусі.
Як мы паведамлялі, былы мэр Масквы Гаўрыіл Папоў у "Независимой газете" вітаў стварэньне Пуціным сыстэмы свайго роду генэрал-губэрнатараў у Расеі. На ягоную думку, гэта стварае, у прыватнасьці, магчымасьць далучэньня да яе Беларусі на правох края, кшталту Каўказу альбо Паволжа.

Лёгка заўважыць, што Беразоўскі ў сваёй крытыцы Пуціна старанна пазьбягае тэмы так званай інтэграцыі ды й наагул палітыкі Пуціна, ськіраванай на аднаўленьне расейкай імпэрыі.
Размова ідзе толькі аб разыходжаньні ў дэталях ўнутранай яе пабудовы.

Віталь Тарас, Прага
Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

XS
SM
MD
LG