Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 траўня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Аляксандар Лукашэнка правёў нараду ў пытаньнях вышэйшае адукацыі.

У прамове Лукашэнкі было некалькі паказальных момантаў, якія тычацца школьных мэдалёў, а таксама недзяржаўнае вышэйшае адукацыі.

Вядома, што Аляксандар Лукашэнка імкнецца асабіста ўдзельнічаць у справах, якія ў іншых краінах вырашаюцца без удзелу кіраўнікоў дзяржавы. У 95-м годзе сытуацыя, калі прэзыдэнт асабіста абвяшчаў тэмы сачыненьняў, падавалася анэкдатычнаю. А сёньня ўжо нікога не зьдзіўляе, што абітурыент мусіць адказваць ня толькі перад прыёмнай камісіяй ВНУ, але й перад гэтак званаю прэзыдэнцкаю камісіяй, прадстаўнікамі БПСМ ды іншымі кантралёрамі.

Летась нейкія кантралёры палічылі, што мэдалісты не павінны карыстацца палёгкамі на прыёмных іспытах. Гэтым меркаваньнем кантралёры падзяліліся з Лукашэнкам. Празь некалькі месяцаў была падрыхтаваная пастанова, якая скасоўвала палёгкі для мэдалістаў.

Такі дакумэнт сярод пэдагогаў захапленьня ня выклікаў. Увесну пад час аднае з нарадаў супраць гэтага выступілі нават рэктары ВНУ. Калі скасаваць палёгкі, у вучняў ня будзе аніякіх стымулаў атрымаць мэдаль.

Аднак Аляксандар Лукашэнка зноў жорстка выказаўся пра мэдалістаў. Паводле меркаваньня Лукашэнкі, сёньня атрымаць мэдаль празьмерна проста. Ен нават зрабіў заяву ў тым сэнсе, што пад час іспытаў будзе высьвятляцца, ці справядліва быў атрыманы мэдаль. Калі кантралёрам не спадабаецца абітурыент, кіраўніцтву школы нават давядзецца адказваць за тое, што ён атрымаў мэдаль. І наўрад ці многія школьнікі захочуць імкнуцца да мэдаля, калі за яго ня будзе аніякіх палёгкаў у паступленьні ў ВНУ.

Другое істотнае выказваньне Лукашэнкі тычылася недзяржаўнае адукацыі. У прыватнасьці, ён заявіў, што недзяржаўныя ВНУ ў хуткім часе будуць правераныя на ўзровень выкладаньня і наяўнасьць мэтадычнае базы.

Некалькі гадоў таму дзяржава ўжо змагалася супраць недзяржаўнае адукацыі. Пасьля гэтага засталося менш за дзесяць недзяржаўных ВНУ, якія былі правераныя неаднаразова, прайшлі атэстацыю і маюць права выдаваць дыплём дзяржаўнага ўзору.

Але пасьля таго, як дзяржаўным ВНУ дазволілі браць грошы за адукацыю, чыноўнікі зразумелі, што вялікія грошы не трапляюць у дзяржаўную кішэню. Міністар адукацыі Васіль Стражаў некалькі месяцаў таму казаў, што Беларусь павінна адмовіцца ад недзяржаўнае адукацыі. Праўда, цяпер ён пра гэта ня ўзгадвае, паколькі сёньня беларуская сыстэма вышэйшае адукацыі сутыкнулася з наступствамі дэмаграфічнага буму пачатку 80-х гадоў. Дзяржаўныя ВНУ ня маюць дастаткова месцаў на тое, каб прыняць усіх, хто жадае атрымаць вышэйшую адукацыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG