Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 траўня 2000 г.


Гутарыла Вольга Караткевіч

(эфір 30 траўня)
На арганізаванай сустрэчы з удзельнікамі так званага шырокага грамадзка-палітычнага дыялёгу Аляксандар Лукашэнка зрабіў некалькі сур'ёзных заяваў: "Прадставім апазыцыі за акіянам думаць пра грошы для зьвяржэньня ўлады. Такая апазыцыя знойдзе ацэнку ў Радзе Бясьпекі. Нельга заставацца бязьдзейнымі." Зь Ню-Ёрку камэнтар Вінцука Вячоркі…

(Вячорка: ) "Тое, што Лукашэнка так нэрвова рэагуе на нашую паездку ў Вашынгтон, паказвае, што ўсё менш у яго мейсца для хітрыкаў і манэўраў. Рада Бясьпекі ў цывілізаванай і незалежнай дзяржаве павінна б была пацікавіцца тым, як кіраўнік гэтай дзяржавы мэтадычна, крок за крокам, здае яе незалежнасьць. Мы, незалежніцкія дэмакратычныя сілы, інфармуем заходнія сталіцы, уключаючы Вашынгтон, пра нашую пазыцыю стасоўна выбараў. Мы маем чатыры варункі, безь якіх выбары ня могуць адбыцца. Гэта: паўнамоцны парлямант, дэмакратычны выбарчы закон, бесцэнзурны і рэгулярны доступ да тэлевізіі і радыё, вызваленьне палітычных вязьняў, спыненьне палітычнага перасьледу ў краіне. Менавіта дзеля таго, каб знайсьці паразуменьне у гэтай найважнейшай справе, мы й знаходзіліся ў Вашынгтоне. Па-другое, мы шукалі паразуменьня ў нашым клопаце абараніць незалежнасьць Беларусі. Трэба нагадаць, што Злучаныя Штаты разам зь Вялікай Брытаніяй і Расеяй выступілі гарантамі незалежнасьці Беларусі ў 1994 годзе, калі Беларусь дабраахвотна адмовілася ад свайго ядзернага статусу. Адмовілася ад постсавецкіх атамных ракетаў. Мяркую, што й тут мы знайшлі таксама поўнае паразуменьне. Усе байкі наконт дабыць грошы, каб мяняць рэжым – гэта ўсё ёсьць лухта. Мы выступаем за сапраўды дэмакратычныя выбары. Рэйтынг Лукашэнкі імкліва падае, як і рэйтынг ягонай клікі ўцэлым. Гэта ёсьць нашая мэта. У нармальнай дэмакратычнай дзяржаве выбары адбываюцца ў дэмакратычных варунках. У нас жа павінен быць створаны дэмакратычны кантэкст. Гэта значыць, павінныя быць незалежныя радыёстанцыі. Такія як Радыё Свабода, аб"ектыўныя сродкі масавай інфармацыі. Павінная быць моцная грамадзянская супольнасьць. Калі гэтыя справы будуць падтрыманыя, перадусім незалежная прэса, гэта будзе вельмі добра. Але найважнейшае, чаго мы шукалі і знайшлі, гэта палітычная падтрымка. У нашым клопаце за незалежнасьць і ў нашым клопаце за сапраўды дэмакратычную атмасфэру для свабодных выбараў. Мяркую, што амэрыканскія палітыкі і амэрыканскі ўрад самі будуць рэагаваць на гістэрычныя заявы беларускіх уладаў. Я толькі магу пацешыцца, што мы знайшлі паразуменьне ў такім ключавым пытаньні – падтрымка ў справе незалежнасьці Беларусі. Я вельмі спадзяюся, што Клінтан у сваіх кантактах з новым расейскім кіраўніцтвам таксама ўздыме гэтае пытаньне. Ня ў тым сэнсе, што экспарт дэмакратыі пойдзе з Расеі, а ў тым сэнсе, што Расея перастане падтрымліваць антыдэмакратычны рэжым. Самае галоўнае: немагчымы экспарт дэмакратыі, немагчыма зарганізоўваць у нашым выпадку перавароты ці нешта яшчэ адкуль-небудзь. Толькі дэмакратычнае беларускае грамадзтва, дэмакратычныя скансалідаваныя беларускія палітычныя партыі і прафсаюзы, няўрадавыя арганізацыі пры падтрымцы незалежнай прэсы могуць зьмяніць сытуацыю."

XS
SM
MD
LG