Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 траўня 2000 г.


Казімір Яноўскі, з Гомельскае вобласьці

Сёньня судзьдзя хойніцкага раённага суду Людміла Дэмбоўская вынесла пастанову ў даволі рэдкай для правінцыі справе – пазову звычайнае грамадзянкі, апэратара брагінскай аўтазаправачнай станцыі Рано Лышчанкі да раённага аддзелу міліцыі.

Справа гэтая цягнецца ўжо паўтары гады. У аснове яе ляжыць даволі абсурдная сытуацыя. Яшчэ напрыканцы 1998 году Брагінская міліцыя, праводзячы рэйд па праверцы выкананьня дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі, затрымала каля беларуска-украінскае мяжы аўтамашыну з двума грамадзянамі Ўкраіны. Яны везьлі ў каністрах 40 літраў бэнзіну і патлумычылі, што купілі паліва на аўтазапраўцы ў Брагіне. Праз дзень на аўтазапраўку зьявіўся старэйшы інспэктар па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі райаддзелу міліцыі Сяргей Брэгін і склаў на Рано Лышчанку адміністрацыйны пратакол аб парушэньні нормаў водпуску паліва. Ён зафіксаваў, што апэратар Лышчанка прадала аўтаўладальніку адразу 40 літраў бензіну, хаця, паводле дэкрэту, мела права ня болей за 20.

На падставе пратаколу, жанчыну-апэратара аштрафавалі на 17,5 мільёнаў рублёў ў старым кошце. Заплаціўшы такую высокую па беларускіх мерках суму, апэратар абскардзіла штраф у Хойніцкім судзе, паколькі лічыла, што брагінскія судзьдзі будуць на баку міліцыі. Суд спадарыня Лышчанка выйграла: у касавых дакумэнтах не было адзнакі аб продажы 40 ці болей літраў бэнзіну. Брагінскі райфінаддзел змушаны быў вярнуць апэратару грошы з ўлікам інфляцыі – усяго 50 мільёнаў рублёў.

Такі паварот натхніў жанчыну на яшчэ адзін цалкам лягічны крок: яна вырашыла ў судовым парадку абараніць сваю дзелавую рэпутацыю, гонар і годнасьць. І падала адпаведны зыск. У ім спадарыня Вышчанка прасіла спагнаць ў якасьці кампэнсацыі з абласной і раённай міліцыі, а таксама і мясцовай газэты "Маяк Палесься", якая надрукавала неадпаведную інфармацыю, маральны ўрон у памеры 3 мільярдаў рублёў: два – зь міліцыі і адзін – з газэты.

Такога павароту падзеяў міліцэйскае начальства не чакала і стала прымаць захады, каб перагледзець вырок хойніцкага суду адносна адмены адміністрацыйнага штрафу, накладзенага на спадарыню Вышчанка. Па патрабаваньню аблсуду, справу паднялі з архіву і перадалі на новы разгляд судзьдзі Людміле Дамбоўскай. Учора яна спэцыяльна прыяжджала ў Брагін і праводзіла там судовае разьбіральніцтва з выклікам адказчыкаў і сьведкаў.

Намесьнік начальніка райаддзелу міліцыі Анатоль Сычоў, які ад імя РАУСУ выступаў на судзе адказчыкам, зыск аператара аб адмене штрафу не прызнаў. Нашаму карэспандэнту ён патлумачыў, што судовае разьбіральніцтва для міліцыі непрыемнае, у Брагіне такое наогул упершыню. На падставе ліста начальніка абласной управы міліцыі Аляксандра Рака, ў справу ўмешваўся старшыня аблсуду спадар Федарчоў. У выніку штраф брагінскіх міліцыянтаў прызнаны правамоцным. Жанчыне-апэратару зноў давядзецца плаціць грошы – 17,5 тысяч рублёў у новым кошце. Гэта аўтаматычна робіць немагчымым другі зыск Рано Лышчанкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG