Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 траўня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся сёньня, у дзень першае гадавіны трагедыі на Нямізе, у менскім Сьвята-Духавым Катэдральным саборы, на жалобнае набажэнства памяці ахвяраў. Пасьля паніхіды адбыўся Хросны ход і малітва ля камяня на Менскім замчышчы й на самім месцы трагедыі. Бацькі, што страцілі сваіх дзяцей у няміскім пераходзе, абвінавачваюць улады ў наўмысным зацягваньні расьсьледваньня акалічнасьцяў трагедыі.

Прыступкі пераходу на станцыі мэтро "Няміга", дзе роўна год таму загінулі дзеці, былі сёньня зранку засьцеленыя белымі ружамі – знакам смутку й жалобы. Бацькі, сваякі ды знаёмыя ахвяраў ускладалі кветкі, запальвалі сьвечкі й моўчкі паміналі тых, каго незваротна страцілі. З падземнага пераходу людзі накіроўваліся ў Катэдральны сабор, дзе пачыналася паніхіда. Кожная ахвяра няміскае трагедыі была ўзгадана пайменна. Пасьля набажэнства ягоныя ўдзельнікі рушылі Хросным ходам у бок Нямігі. Гэтай працэсыяй кіраваў сам мітрапаліт Філарэт.

Празь некалькі хвілінаў удзельнікі ходу дайшлі да камяня на Менскім замчышчы, дзе адбыўся малебен і да прысутных з прамоваю зьвярнуўся экзарх. Спачатку ўладыка Філарэт казаў досыць узьнёслыя словы пра Боскі провід і адкупляльную ахвяру за грахі ўсяго народу, якой сталі гэтыя 53 асобы. Але скончыў сваю прамову ён даволі дзіўным параўнаньнем пра тое, што "…трагедыю на Нямізе мы перажываем так сама балюча, як трагедыю ў Чачні".

Сваякі ж загінуўшых кажуць, што пра трагедыю ў краіне пачынаюць забываць. На іхную думку, у гэтым вінаватае ня толькі грамадзтва, але і ўлады. Генэральная пракуратура няспынна зацягвае заканчэньне расьсьледваньня акалічнасьцяў трагедыі, а дзяржаўныя чыноўнікі абвінавачваюць бацькоў у спэкуляцыі на памяці дзяцей. Нават сёньня, у гадавіну трагедыі, кветкі да помніка зьбіраецца ўскладаць толькі прэм'ер Ярмошын. Аляксандар Лукашэнка гэтую акцыю прайгнараваў.

Скульптара Міхала Інькова, у якога ў няміскім пераходзе загінула 15-гадовая дачка Маша, напрыклад, абурае той факт, што тытунёвая фірма Magna, якая зарганізавала летась тое трагічнае шоў, не панесла аніякае адказнасьці. Гаворыць Міхал Інькоў:

"Узяць фірму Magna, якая ўдзельнічала ў гэтай справе. Яна бесцырымонна сябе паводзіць, нават да гадавіны адмыслова ладзіць гэта йзноў. За пачкі ад цыгарэтаў даюць саколкі, яшчэ нейкую лухту. Паўсюль на выхадах з мэтро вісяць рэклямныя плякаты. Яны абсалютна не зразумелі, што ўчынілі, на што давалі грошы, і працягваюць рабіць тое самае", – лічыць спадар Інькоў.

А вось як ацэньвае дзеяньні ўладаў у справе расьсьледваньня акалічнасьцяў трагедыі маці 16-гадовае ахвяры Нямігі Лены Янцовай, Вольга:

"Я адна з трох, хто падаў зыскі ў суд. Але сьледзтва зацягваецца ізноў да 30 чэрвеня. Хаця сьледчы Камароўскі заявіў, што яму ўсё было зразумела літаральна празь 9 дзён, калі ён апытаў сьведак. Але сьледзтва зацягваюць хутчэй за ўсё паводле палітычных матываў. Мы так думаем, што вінаватыя знойдзеныя ня будуць", – лічыць Вольга Янцова.

Іншыя бацькі таксама ня вераць у справядлівасьць сьледзтва, але зьбіраюцца адстойваць свае правы ў судзе да канца. Жалобныя акцыі працягнуцца сёньня на месцы трагедыі ўвечары.

XS
SM
MD
LG