Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 траўня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Рабаваньне офісаў праваабарончых арганізацыў становіцца ў Беларусі заганнаю нормаю.

У мінулыя выходныя абрабаваны офіс праваабарончае арганізацыі "Цэнтар у справах правоў чалавека". Як паведаміла кіраўнік Цэнтру Вера Страмкоўская, злодзеі трапілі ў памяшканьне праз вакно, папярэдне зьняўшы зь яго краты. Былі скрадзеныя два кампутары, прынтэр, ксэракс, праваабарончая літаратура. Паводле словаў спадарыні Страмкоўскай, агульны кошт скрадзенае маёмасьці складае прыкладна 3,5 тысячы даляраў.

Вера Страмкоўская лічыць, што абрабаваньне офісаў дзьвюх праваабарончых арганізацыяў (тыдзень таму невядомыя злодзеі скралі аргтэхніку са штаб-кватэры арганізацыі "Праўная дапамога насельніцтву") не былі выпадковымі.

Вера Страмкоўская зьвяртае ўвагу на той факт, што офіс абрабавалі якраз напярэдадні судовага працэсу ў справе Аляксандра Шчурко супраць ГУУС Менгарвыканкама. Пацярпелы пад час "Маршу Свабоды-1" спадар Шчурко дамагаецца ад міліцыянтаў грашовае кампэнсацыі ў памеры 100 тысячаў даляраў. Спадарыня Страмкоўская бароніць на гэтым працэсе інтарэсы Аляксандра Шчурко. Разам з тым Вера Страмкоўская не выключае, што абрабаваньне магло мець і чыста крымінальны характар.

Паводле факту крадзяжу ўправаю міліцыі Першамайскага раёну Менску заведзеная крымінальная справа.

XS
SM
MD
LG