Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 траўня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Зь сёньняшняга дня Чэхія ўвяла візавы рэжым для грамадзянаў Беларусі. Больш складанымі сталі й правілы перасячэньня беларуска-ўкраінскае мяжы.

Уладальнікам беларускіх пашпартоў ўсё складаней выпраўляцца за мяжу ў бізнэсовую паездку ці на адпачынак. Зь сёньняшняга дня візавы рэжым для беларусаў дзейнічае і ў Чэхіі.

Каштуе аднаразовая віза, якая можа быць выкарыстана на працягу 90 дзён, у пераліку з чэскіх карунаў прыкладна 10 даляраў – ня так і шмат у параўнаньні нават з усходнеэўрапейскімі заробкамі, але для беларусаў гэта грошы немалыя – ледзь ня трэцяя частка сярэднестатыстычнага заробку.

Канешне, у Чэхію выпраўляюцца звычайна заможныя беларусы, для якіх 10 даляраў – ня надта вялікія грошы. Але і яны зь сёньняшняга дня адчуюць новыя парадкі. Каб набыць візу, патрэбны: асабісты выклік ці турыстычная пуцёўка, ці абгрунтаваньне бізнэсовае мэты візыту ў Чэхію. Акрамя таго, віза запатрабуе часу. Колькі? Часовы павераны Чэхіі ў Беларусі Алеш Фойцік сказаў нашаму радыё, што пакуль чэргаў у консульскай службе няма, усе наведвальнікі абслугоўваюцца ў той жа дзень і праз 3-4 дні, пасьля здачы неабходных папераў, атрымліваюць візы. "Усе, хто ня мае перашкодаў, візы атрымаюць", – запэўніў мяне спадар Фойцік.

Гэтым летам больш складаным стане перасячэньне мяжы і з Украінаю. Бязьвізавы рэжым з гэтай краінаю застаецца, але зь 1 чэрвеня беларускія дзеці павінны будуць прад'яўляць украінскім памежнікам пашпарты, а раней дастаткова было пасьведчаньня пра нараджэньне. Праўда, гэтае лета яшчэ будуць ўлічвацца адзнакі пра дзяцей у замежных пашпартох савецкага ўзору. Тыя ж, хто мае новыя пашпарты, на запіс імя свайго дзіцяці ў пашпарце могуць не разьлічваць.

З гэтага году візавы рэжым для грамадзянаў Беларусі ўвяла таксама Балгарыя – віза ў гэтую краіну каштуе 50 даляраў, а калі вы паедзеце туды аўтатранспартам, дык майце на ўвазе, што спатрэбіцца й транзытная віза Румыніі. Увогуле, бязь візы, з дапамогаю ваўчара ці турыстычнае пуцёўкі з краінаў Эўропы, беларус можа прыехаць толькі ў Югаславію, Харватыю, Славакію ды Польшчу. Але Славакія зь 1 студзеня гэтак сама, як і Чэхія, увядзе візы. Гэта, дарэчы, балюча ўдарыць па дзіцячаму турызму ў гэтую краіну, які ў нас дастаткова разьвіты.

У якім становішчы апынуўся беларус у параўнаньні са сваімі суседзямі? Грамадзянін Польшчы сёньня едзе бязь візы ў любую краіну Эўропы акрамя Югаславіі. Гэтак сама, і грамадзянін Летувы – для яго Эўропа адчыненая, хаця вандроўкі на ўсход сталі больш складанымі. Каб патрапіць у Беларусь, Расею ці іншыя краіны СНД, летувіну патрэбная віза. А каб празь беларускую тэрыторыю праехаць у Крым, зь летувіна браткі-беларусы возьмуць грошы й за транзытную візу.

Але летувінаў, якія б жадалі адпачыць на расейскім ці ўкраінскім узьбярэжжы Чорнага мора, з кожным годам ўсё меней, яны ўсё часьцей цягнуцца на славутыя эўрапейскія курорты. Гэтаму спрыяе і рост дабрабыту ў Летуве, дзе заробкі ўжо ў сярэднім 300 даляраў.

Беларусам з 30-цю далярамі сярэдняга заробку такія адпачынкі не па кішэні. Застаецца ехаць адпачываць хіба што ў Расею, мяжа зь якою адкрытая. Аднак адмыслоўцы турыстычнага бізнэсу папярэджваюць – расейскія курорты, напрыклад Сочы, сталі вельмі дарагімі, адпачынак там даражэйшы, чым у той жа Харватыі, а вось якасьць абслугоўваньня нізкая. Беларускі санаторый "Белая Русь" у Туапсэ прадае пуцёўкі за 400 даляраў, і пры гэтым там увесь час праблемы з гарачай вадою, – папярэджваюць адмыслоўцы. І з сумам канстатуюць, што сярэдні беларус замест вандровак у сьвет ўсё часьцей абірае ўласнае лецішча, даехаць да якога пакуль магчыма. Бязь візы і дастаткова танна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG