Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 траўня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

На 30 траўня прызначанае чарговае паседжаньне гэтак званага "шырокага грамадзкага дыялёгу", на якім будзе прысутнічаць ягоны ініцыятар Аляксандар Лукашэнка. Гэтае паседжаньне павінна ўхваліць прапановы ўдзельнікаў "дыялёгу" адносна зьменаў у Выбарчы кодэкс.

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з удзельнікамі "дыялёгу" адбудзецца ў новым Палацы Рэспублікі. На ёй з дакладамі выступяць кіраўнікі ўсіх шасьці экспэртавых групаў, якія аналізавалі прапановы ў галіне выбарчага заканадаўства, разьвіцьця грамадзянскае супольнасьці, шматвэктарнасьці беларускае палітыкі… Пасьля гэтага нейкія рашэньні будзе прымаць ужо Лукашэнка.

На пазамінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка, выступаючы перад расейскімі й беларускімі парлямэнтарыямі, заявіў, што "дыялёг" скончаны. Такім чынам, можна мерквааць, што ён ужо прыняў пэўныя рашэньні, якія заўтра будуць толькі агучаныя.

Гэтак лічыць і лідэр адзінае апазыцыйнае партыі, што бярэ ўдзел у гэтым "дыялёгу" – Партыі камуністаў – Сяргей Калякін. Ён мяркуе, што ўсе прапановы ўдзельнікаў "дыялёгу" Лукашэнка ўсё ж не ўхваліць, а задаволіць іх часткова. Да таго ж прарэклямуе сам "дыялёг", заявіць, што ён удаўся, што "мае пэрспэктывы".

Увогуле, Сяргей Калякін лічыць, што прапановы наконт ўдасканаленьня Выбарчага кодэксу, вынесеныя ад імя ўдзельнікаў "дыялёгу", робяць яго значна больш дэмакратычным. У прыватнасьці, прапануецца адмяніць датэрміновае галасаваньне, пашырыць правы назіральнікаў, зарэзэрваваць за палітычнымі партыямі 30 адсоткаў складу выбарчых камісіяў. Але гэтага мала…

Гаворыць Сяргей Калякін:

"Мы выступаем за тое, каб было рэалізаванае тое, што было дасягнута. Да таго ж мы лічым, што экспэрты і ўдзельнікі дыялёгу ня выказаліся супраць таго, каб часткова была прапарцыйная выбарчая сыстэма – не паводле партыйных сьпісаў, а паводле сьпісаў ад выбарчых аб'яднаньняў. Мы лічым, што ня ўсё вырашае Выбарчы кодэкс. Дагэтуль ня вырашаныя праблемы доступу да СМІ, патрабуе абмеркаваньня пытаньне функцыі парлямэнту, выкананьня палітычных правоў грамадзянаў. Вось наша пазыцыя".

Гэта быў Сяргей Калякін. Тым ня менш, ён спадзяецца, што нейкае станоўчае рашэньне заўтра будзе прынятае.

Іншая думка ў прадстаўнікоў Беларускага Народнага Фронту, якія да ўдзелу ў заўтрашняй сустрэчы не запрошаныя. Гаворыць намесьнік старшыні партыі БНФ Вячаслаў Сіўчык:

(Сіўчык: ) "Фармат прапагандысцкіх гульняў, у фарбы якога будзе акрашаная заўтрашняя сустрэча, ня можа падмяніць перамовы адносна выйсьця з крызысу. І Фронт можа перагледзець сваё стаўленьне да ўдзелу ў выбарах толькі калі сапраўды складуцца ўмовы для правядзеньня выбараў на Беларусі.

Бо касмэтычныя зьмены, якія выпрацаваныя ўдзельнікамі дыялёгу ў Кодэкс, нічога не мяняюць. Яны не вызваляюць палітзьняволеных з турмаў, яны не дазваляюць беларускаму народу атрымаць права на рознабаковую інфармацыю, яны не дазваляюць палітычным партыям удзельнічаць, калі сур'ёзна казаць, у выбарах. Гэта фарс, а ў фарсах БНФ прымаць удзелу ня будзе."

XS
SM
MD
LG