Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 траўня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

У гарадзкім судзе Менску працягваўся разгляд крымінальнае справы лідэра сацыял-дэмакратаў Міколы Статкевіча й дэпутата Валерыя Шчукіна.

Судзьдзя Ігар Крот пачаў судовае паседжаньне з апытаньня прадстаўнікоў розных арганізацыяў, на карысьць якіх пракуратура падала грамадзянскія пазовы ў спагнаньні са Статкевіча й Шчукіна грошай на кампэнсацыю матэрыяльнага ўрону ад дзеяньняў дэманстрантаў.

Намесьнік дырэктара Менскгараўтатрансу патлумачыў, што ў выніку незаплянаванага прастою 6 тралейбусаў і 21 трамвая быў нанесены ўрон гэтай арганізацыі. Ён зьдзівіў прысутных выказваньнем, што ягонае кіраўніцтва заўсёды ведае маршрут несанкцыянаваных шэсьцяў.

Прадстаўніца другое арганізацыі – Рамаўтадор – гэтак і ня здолела аргумэнтавана патлумачыць суду – які канкрэтна ўрон быў ім нанесены.

Далей суд апытаў у якасьці экспэрта супрацоўніка міліцыі Савецкага РАУСу Барыса Гедройца. 17 кастрычніка ён знаходзіўся ў гэтак званае групе дакумэнтаваньня й здымаў на відэа дэманстрантаў. Барыс Гедройц паведаміў, што пачаў здымаць зь пляцу Якуба Коласа, а скончыў на вуліцы Варвашэні. Потым арыгінал відэастужкі быў адасланы ў Гарадзкую ўправу ўнутраных справаў і менавіта там з розных стужак быў зроблены мантаж для суду. Суд пажадаў прагледзець касэту, якую прынес Гедройц.

Напачатку стужкі былі адлюстраваныя падзеі 17 кастрычніка не зь пляцу Якуба Коласа, як сьцьвярджаў апэратар, а зь пляцу Бангалёр, з выступу Міколы Статкевіча на мітынгу. Потым, пасьля прамоваў выступоўцаў на мітынгу, на экране раптоўна зьявіліся парнаграфічныя кадры. У судовым паседжаньні пачаўся рогат.

Судзьдзя запатрабаваў тлумачэньняў ў пачырванелага Гедройца. Той пачаў апраўдвацца – што, магчыма, раней стужка была канфіскаваная і на ёй рабілі новы запіс. Судзьдзя палічыў неабходным прыцягнуць гэтую відэастужку да матэрыялаў справы.

Мікола Статкевіч так пракамэнтаваў сёньняшняе паседжаньне "Радыё Свабода". Паведаміў лідэр "Народнае Грамады" Мікола Статкевіч.

Прадстаўнікі шпіталю Міністэрства ўнутраных справаў сёньня адмовіліся ад грашовае сумы папярэдняга зыску. Яны матывавалі гэта той абставінаю, што пацярпелыя Лебядзевіч і Беражняк зьяўляюцца супрацоўнікамі міліцыі, а чатыры астатнія, якія лячыліся ў шпіталі – салдаты тэрміновае службы з вайсковае часткі № 5448. Таму эканаміст шпіталю палічыла мэтазгодным спагнаць праз суд толькі 31,5 тысячу рублёў. А за салдатаў, маўляў, хай падае зыск кіраўніцтва ўнутраных войскаў.

Заўтра разгляд крымінальнае справы працягнецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG