Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 траўня 2000 г.


Вольга Караткевіч, Прага

У некаторых сродках масавай інфармацыі зьявіліся паведамленьні пра нібыта раскол у самай буйной дэмакратычнай моладзевай арганізацыі "Малады Фронт"…

Тыя актывісты "Маладога Фронту", да якіх я датэлефанавалася, са зьдзіўленьнем ці іроніяй адрэагавалі на паведамленьне пра раскол у "Маладым Фронце". Высьветлілася, што былыя маладафронтаўцы, якія на маюць паўнамоцтваў прадстаўляць "Малады Фронт", - Вадзім Карцаў і Раман Кавальчук - на адмыслова арганізаванай прэсавай канфэрэнцыі заявілі пра тое, што ўтвараецца часовая Выканаўчая рада "Маладога фронту", якая патрабуе ад кіраўніцтва "Маладога Фронту" спыніць сяброўства ў кіраўнічых ворганах партыі БНФ на чале зь Вінцуком Вячоркам. Паводле словаў Рамана Кавальчука, частка маладафронтаўцаў пастанавіла ўвайсьці ў БНФ, кіраваны Зянонам Пазьняком. На сувязі зь Менску – сябра Ўправы "Маладога фронту" Аляксей Шэін:

(Шэін: ) "Рэч у тым, што "Малады Фронт" пасьля падзеяў у БНФ, гэта значыць, пасьля апошняга зьезду БНФ, ён застаўся цэльнай арганізацыяй. 14 сяброў "Маладога Фронту" зьяўляюцца сябрамі Сойму БНФ пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі. Старшыня "Маладога Фронту" Павал Севярынец зьяўляецца адным з намесьнікаў старшыні партыі БНФ Вінцука Вячоркі. Што тычыцца сытуацыі, пра якую ўзгадана, я шчыра зьдзіўлены. Рэч у тым, што спадар Кавальчук не зьяўляецца сябрам "Маладога Фронту" і ня можа выступаць ад імя "Маладога Фронту" ці нейкай часткі "Маладога Фронту", таму што на перадапошняй Цэнтральнай радзе "Маладога Фронту", якая адбылася ў красавіку гэтага году было рэкамэндавана выключыць Рамана Кавальчука са складу "Маладога Фронту" ўвогуле. Што і зрабіла ягоная суполка. Ад таго часу Раман ня можа прадстаўляць арганізацыі і рабіць заявы ад яе ймя".

Гаварыў сябра Ўправы Маладога фронту Аляксей Шэін. Намесьнік старшыні "Маладога фронту" Аляксей Янукевіч назваў авантурай ініцыятыву, зь якой выступілі Раман Кавальчук і Вадзім Карцаў… Гаворыць Аляксей Янукевіч:

(Янукевіч: ) "Тое, што абвесьцілі Раман Кавальчук і Вадзім Карцаў, мы разглядаем як чарговую афёру гэтых двух асобаў, якія ўжо ня першую такую робяць правакацыю. І я ня ведаю, на што гэта ськіравана. Гэта ня ёсьць выразам настрояў у "Маладым Фронце"…"

Аляксей Янукевіч дадаў, што рэальнае супрацоўніцтва ў "Маладога Фронту" атрымліваецца з партыяй БНФ пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі. Па апошнюю вэрсію мы зьвярнуліся да старшыні "Маладога фронту" Паўла Севярынца…

(Севярынец: ) "Малады Фронт" – гэта самастойная , незалежная, моладзевая арганізацыя. Нядаўна мы падалі дакумэнты на рэгістрацыю. Пры гэтым мы застаемся арганізацыяй сутнасна "фронтаўскай". Супрацоўнічаем зь БНФ і Вячоркі і Пазьняка. Больш – з партыяй БНФ пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі. Пры гэтым мы не зьяўляемся моладзевай структурай гэтай арганізацыі, як і не зьяўляемся моладзевай структурай БНФ Зянона Пазьняка. Мы лічым, што Беларускі народны фронт мусіць быць адзіным. Пакуль ён не адзіны, выбіраць паміж "франтамі" мы ня будзем…"

Гэта быў старшыня "Маладога фронту" Павал Севярынец. Такім чынам, інфармацыя пра раскол у самай буйной дэмакратычнай моладзевай арганізацыі Беларусі – "Маладым фронце" аказалася несапраўднай. Зладжана функцыянуюць каля 40 рэгіянальных філіяў "Маладога фронту", якія зараз рыхтуюць сваіх дэлегатаў на сойм "Маладога фронту", які адбудзецца 1-га ліпеня. Паводле словаў Паўла Севярынца, цяпер арганізацыя налічвае паўтары тысячы сябраў і каля 7 тысячаў прыхільнікаў. Цяпер у Беларусі таксама працуюць моладзевая арганізацыя кансэрватараў "Грамадзянскі форум" і сацыял-дэмакратаў "Маладая грамада". У штаб-кватэры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная грамада" мне паведамілі, што ўтварэньне арганізацыі "Маладыя сацыял-дэмакраты пры "Народнай грамадзе" – гэта не альтэрнатыўнае ўтварэньне самастойнай "Маладой грамадзе", а арганізацыя менш спрактыкаваных у палітыцы маладых людзей, якія зьяўляюцца паплечнікамі і "Маладой грамады"і "Народнай грамады".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG