Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 26 траўня 2000 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

(эфір 27 траўня)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Падзеяй адыходзячага тыдня была сустрэча ў Менску кіраўнікоў дзяржаваў мытнага саюзу пяці краінаў СНД. І была яна заўважнаю не паводле вынікаў, ці тых рашэньняў, якія прымаліся, а толькі дзякуючы пэўнаму ажыятажу вакол чарговага саміту, які назіраўся ў сродках масавае інфармацыі. На справе за пяць год існаваньня мытнага саюзу анічога не было зроблена, каб гэтую арганізацыю назваць мытнаю.

Каб зрабіць мытны саюз дзейным, трэба адкрыць усе межы, зраўняць мыты й тарыфы. Але да такое прапановы без энтузыязму паставілася Расея. Расейскі бюджэт можа пазбавіцца значнае часткі сваіх даходаў. Асабліва ва ўмовах, калі Расея зьбіраецца значна зьнізіць падаткі з новага году. Таму Расея запатрабавала – перш чым уніфікаваць мыты, краіны павінны ўніфікаваць падатковыя ільготы, ды значна скараціць мыты ва ўсіх краінах пяцёркі.

Таму пагадзіліся ўтварыць камісію і канчаткова вырашыць праблемы зоны свабоднага гандлю ўвосень на чарговым саміце ў Маскве. Так што ўсё засталося на ўзроўні намераў.

А каб надаць значнасьць прынятым рашэньням на прапанову расейскага боку пастанавілі зьмяніць шыльду. Мытнаму саюзу вырашана надаць статус міжнароднага.

Але што гэта дасьць Беларусі ды іншым краінам? Тым болей, што на саміце абмяркоўваліся праблемы руху толькі тавараў. А праблемы руху працы, капіталу й паслугаў нават і ня ставіліся.

Пра тое, што мытны саюз не дасьць карэнных паляпшэньняў эканомікі Беларусі, сьведчыць і двухбаковая дамоўленасьць паміж краінамі, напрыклад, з Таджыкістанам і Кыргызстанам. Таваразварот з гэтымі краінамі проста мізэрны – да 10 млн. даляраў у 1999 годзе. Ставіцца задача сёлета яго падвоіць. Але мізэрны ўзровень усё роўна застанецца.

Удзел Беларусі ў мытным саюзе апраўданы толькі з пункту гледжаньня пашырэньня гандлю з Расеяй, але пры ўмове, калі яна зьнізіць транспартныя тарыфы і ўвядзе аднолькавыя цэны на сыравіну і энэргарэсурсы. Але Расея ў сёньняшніх умовах ня можа пайсьці на гэты крок, бо няма магчымасьці пакрываць страты ўласных вытворцаў коштам бюджэту. Такія формы фінансаваньня мытных саюзьнікаў проста немагчымыя.

Напрошваюцца высновы: Беларусі эканамічна не выгодна разьвіваць гандлёвыя стасункі з азіяцкімі краінамі – вазіць і прывозіць тавары за тысячы кілямэтраў. Як слушна заяўляе эканаміст Леанід Заіка, трэба разьвіваць эканамічна-гандлёвыя стасункі найперш з суседзямі – Польшчаю, Украінаю, Расеяй, Летуваю і Латвіяй. І празь іх уваходзіць у сусьветную эканамічную прастору.

XS
SM
MD
LG