Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 траўня 2000 г.


Казімір Яноўскі, Гомельская вобласьць

Зараз, калі пасьля Чарнобыльскае катастрофы мінула 14 гадоў, найбольшую небясьпеку для людзей уяўляюць прадукты харчаваньня, вырашчаныя на заражаных землях. На "нячыстыя" прадукты прыпадае звыш 70 адсоткаў дозы ўнутранага апраменьваньня чалавека. Гэта асабліва актуальна для Гомельскага рэгіёну, які пацярпеў больш за іншыя.

Паводле зьвесткаў Абласнога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі, зараз на тэрыторыі вобласьці бруднае малако зь перавышэньням утрыманьня цэзію атрымліваюць у прыватных гаспадарках 482 населеных пунктаў. Па стронцыю – 93. Асабліва шмат вёсак, дзе людзі спажываюць бруднае малако, маюцца ў Чачэрскім, Рэчыцкім, Веткаўскім, Будакашалёўскім, Ельскім, Хойніцкім і Брагінскім раёнах.

Да прыкладу, у вёсцы Гарадок Чачэрскага раёну ўзровень радыецэзію ў малацэ перавышаў дапушчальную норму ажно ў 13 разоў – пры нарматыве 100, малако ўтрымлівала 1367 пікірэляў на літар. Красавіцкія пробы малака ў прыватных гаспадарках вёскі Канатоп Нараўлянскага раёну, дзе роўна месяц таму пабываў А.Лукашэнка, паказалі, што малако тут утрымлівае 872 пікірэля радыёцэзію – у 8 зь лішнім разоў болей нарматыву. Бруднае малако ў Канатопе і па стронцыю. Прычына, як сьцьвярджаюць сьпэцыялісты – высокі ўзровень радыяцыі на землях, дзе пасьвіцца жывёла.

Характэрная і яшчэ адна асаблівасьць: прадукты, у тым ліку мяса і бульба, найбольш няякасныя ў былых высяленых вёсках, куды людзі вярнуліся назад з маўклівай згоды ўладаў. Канатоп у гэтым сэнсе не выключэньне, як не зьяўляюцца выключэньнем вёскі Савічы, Піркі, Сьпярыжжа Брагінскага раёну ды дзесяткі іншых.

Бруднае малако выяўляецца і ў, здавалася б, нечаканых месцах: на ўскрайках стотысячнага Мазыра людзі таксама трымаюць кароў, і тут ўжо тры гады мясцовая санстанцыя рэгіструе падвышанае ўтрыманьне ў малацэ радыенуклідаў цэзію.

Што тычыцца грамадзкага сэктару ў вобласьці, то на фермах калгасаў і саўгасаў амаль 95% праверанага малака трывогі ў санслужбы не выклікае, бо адпавядае дапушчальным узроўням па забруджанасьці радыенуклідамі. Яшчэ 5% гэтага прадукту зь перавышэньнем 100 пікірэляў скарыстоўваецца на масла – сыравінны нарматыў на яго роўны 370 пікірэлям на літар. Лічыцца, што ў працэсе перапрацоўкі, радыёнукліды адыходзяць у адгон, а масла атрымліваецца ў межах нормы.

Апошнія гады ў сельскай гаспадарцы рэгіёну гучна заяўляе пра сябе стронцы. Летась, у прыватнасьці, 72 калгасы і саўгасы рэгіёну атрымалі збожжа зь перавышэньнем утрыманьня гэтага радыёнукліду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG