Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 траўня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Кіраўніцтва Беларускага тэлецэнтру зьвярнулася да ўрадавых структураў са скаргаю на тое, што цэнтар апынуўся ў крызысным фінансавым стане.

Напярэдадні парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў з прапагандысцкай машынаю адбываецца нешта дзіўнае. З аднаго боку, улады імкнуцца зрэалізаваць новыя праекты, якія запатрабуюць шмат грошай. З другога – Беларускай тэлевізіі сёньня не хапае сродкаў на самае неабходнае.

З афіцыйных і неафіцыйных крыніцаў вядомыя тры новыя праекты ў галіне мас-мэдыяў. Паводле неафіцыйных крыніцаў, улады Беларусі маюць намер стварыць новае міністэрства, якое будзе кіраваць дзейнасьцю дзяржаўных радыё, тэлевізіі, газэтаў і часопісаў. Гэтая ідэя зьявілася каля паўгода таму і апошнім часам ізноў пачала абмяркоўвацца ва ўладных структурах.

Другі праект – новы беларускі тэлеканал. Ідэя выглядае даволі дзіўна, таму што грошай і кадраў не хапае нават цяперашняму беларускаму тэлеканалу. Паводле словаў намесьніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Івана Пашкевіча, другі канал беларускае тэлевізіі будзе акцыянэрным таварыствам, і таму фінансавыя праблемы БТ ня маюць да яго аніякага дачыненьня. Дзяржава разьлічвае знайсьці грошы на свае прапагандысцкія мэты ў прадпрыемстваў, і ў яе гэта, здаецца, атрымалася. Паводле словаў Пашкевіча, усе патэнцыйныя інвэстары, якім Лукашэнка прапанаваў удзел у праекце, пагадзіліся дапамагчы стварыць БТ-2.

Трэці праект – праект самое Беларускае тэлевізіі. Там было запушчана некалькі новых праграмаў, для якіх набывалі адмысловае студыйнае афармленьне. У той жа час на пачатку году беларуская тэлевізія мела значную запазычанасьць перад тэлецэнтрам, які адказвае за тэхнічнае забесьпячэньне дзейнасьці БТ. Хутчэй за ўсё, гэтая запазычанасьць не была пагашаная. У тэлецэнтра няма грошай нават на запчасткі для тэлевізійнае тэхнікі, а заробак кваліфікаванага інжынэра складае каля 20 даляраў. Таму ня дзіўна, што на працягу ўсяго трох месяцаў з тэлецэнтру звольнілася каля 70 чалавек. Час ад часу не хапае грошай нават на бэнзын для аўтатранспарту, і з гэтае прычыны зрываюцца службовыя выправы.

Беларускай тэлевізіі таксама не хапае грошай. Сёлета яно сутыкнулася з праблемаю затрымкі выплаты заробкаў.

XS
SM
MD
LG