Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 траўня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Намесьнік старшыні Нацыянальнага банку Мікалай Лузгін абверг паведамленьні некаторых СМІ пра тое, што Расея выдаткавала Беларусі 200-мільённы крэдыт на стабілізацыю нацыянальнае валюты.

У Беларусі сёньня два валютныя курсы: афіцыйны і курс свабоднага рынку. Розьніца паміж імі – 77 адсоткаў. Прычым, падкрэсьліў Мікалай Лузгін, назіраецца тэндэнцыя скарачэньня гэтае розьніцы. Згаданая тэндэнцыя, як і ўсталяваньне двух курсаў замест 5-6 ранейшых – вынік паўгадовае лібэралізацыі грашовага рынку ў Беларусі. Такім чынам, канстатаваў Лузгін, абвешчаная сёлета грашова-крэдытная палітыка рэалізуецца пасьпяхова. У Нацыянальным банку зараз не вядзецца дыскусіяў адносна неабходнасьці для краіны адзінага валютнага курсу.

Як прагучала на прэсавай канфэрэнцыі, такая пазыцыя не аспрэчваецца беларускім бокам і на эканамічных перамовах зь іншымі краінамі ды арганізацыямі – Расеяй, Міжнародным Валютным Фондам і Ўсясьветным Банкам. Камэнтуючы для нашага радыё цяперашні перамоўны працэс з Расеяй аб грашовай інтэграцыі, Мікалай Лузгін адзначыў:

"Расея, калі йдуць перамовы – у прыватнасьці, распрацоўваюцца дакумэнты пра парадак выхаду ў пэрспэктыве на адзіную валюту – мяркуе, што патрэбна напачатку выраўняць стартавыя ўмовы. У тым ліку, у сфэры валютнага рэгуляваньня. Расея мае зараз адзіны курс, а мы – не", – патлумачыў Мікалай Лузгін.

Як вядома, вось ужо некалькі месяцаў на перамовах Масквы й Менску ў пытаньнях грашовай інтэграцыі гучыць тэма стабілізацыйнага крэдыту. Такі крэдыт, паводле меркаваньня беларускага боку, патрэбны для паскарэньня аздараўленьня нацыянальнае грашовае сыстэмы.

Ці ставіць Расея ўсталяваньне адзінага курсу беларускага рубля абавязковай умоваю для выдачы такога крэдыту? На гэтае пытаньне нашага радыё Мікалай Лузгін адказаў наступным чынам:

"Што тычыцца стабілізацыйнага фонду, я б наўпрост ня зьвязваў яго выдаткаваньне і выхад на адзіны курс. Вядуцца перамовы пра выдаткаваньне нам пэўнае пазыкі на падтрымку гэтых нашых намаганьняў, зьвязаных зь пераходам на адзіную валюту. Гэта паралельныя працэсы: і выхад на адзіны курс, і выдаткаваньне сродкаў", – адказаў Лузгін.

Паведамленьні некаторых маскоўскіх сродкаў масавай інфармацыі пра нібыта ўжо маючае месца рашэньне Цэнтральнага банку Расеі пра выдачу Беларусі стабілізацыйнага крэдыту Лузгін назваў неадпаведнымі рэчаіснасьці. Ва ўсялякім разе, у беларускім Нацыянальным банку пра гэта ня ведаюць. Як вынікае са словаў Лузгіна, зараз у гэтым пытаньні йснуе толькі праект рашэньня. Бакі працягваюць дыскусіі і наконт тэрмінаў выдачы згаданага крэдыту, і наконт ягоных памераў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG