Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 траўня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

У Менску ўлады працягваюць змагацца з дробным бізнэсам. Гарадзкі выканаўчы камітэт прыняў рашэньне забараніць розьнічны гандаль з аўтамабіляў.

Як вынікае з афіцыйнай інфармацыі, Менгавыканкам тлумачыць гэтае рашэньне тым, што выкарыстаньне на сталічных рынках грузавікоў замінае навесьці там належны парадак.

Як паведаміла мне прадпрымальніца Ганна Вяль, чыноўнікі папярэдзілі яе, што дырэктыва ўваходзіць у сілу зь 1 кастрычніка. Да гэтае даты ўладальнікі мабільных гандлёвых кропак мусяць прыстасавацца да новых умоваў. А гэтыя новыя ўмовы прадугледжваюць выкарыстаньне выключна стацыянарных кропак.

У прадпрымальніцкім прафсаюзе "Садружнасьць" новаўвядзеньне зьвязваюць з рэалізацыяй уладамі стратэгічнае задумы. Гэтая задума ў тым, каб зьліквідаваць на рынках дробна-розьнічны гандаль такімі харчовымі таварамі, як цукар, крупы, макароны, алей. Бо, паводле зьвестак прафсаюзу, на сёньняшні дзень пераважная большасьць гэтых тавараў рэалізуецца якраз на рынках і з аўтамабіляў. І, што найбольш адметна, не дзяржаўнымі гандлярамі, а прадпрымальнікамі.

Папулярнасьць дробных бізнэсоўцаў сярод жыхароў тлумачыцца іх гандлёвай палітыкаю. Сваю прадукцыю яны прадаюць па больш нізкіх коштах за дзяржаўны гандаль. Ажыятажны попыт на гэтую прадукцыю мае месца, напрыклад, на мінірынку "Серабранка".

Намесьніца старшыні прафсаюзу "Садружнасьць" Кацярына Навумовіч лічыць, што ўлады ня можа задавальняць ажыятажны попыт на тавары прадпрымальнікаў. І таму іхная мэта – зьнішчыць недзяржаўны сэктар як канкурэнта й загнаць людзей у дзяржаўныя крамы.

Паводле інфармацыі яшчэ аднае прафсаюзнае лідэркі Маі Сінайскай, у Менгарвыканкаме гандлярам патлумачылі, што замест забароненых аўтамабіляў яны змогуць выкарыстоўваць аўтамабільныя прычэпы "Купава":

(Сінайская: ) "Я мяркую, што яны і з "Купаваў" не дадуць гандляваць. Яны прыватызуюць гандаль, таму аніякае кампэнсацыі ня будзе. Прадпрымальнікаў плянуецца зьнішчыць як грамадзкую праслойку. На гэта ўказваюць цяперашнія тэндэнцыі ў дзяржаўным гандлі. Паглядзіце, як растуць тут цэны на прадукты харчавання", – зазначыла Мая Сінайская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG