Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 траўня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

У Менску працягваў працу ІІІ Міжнародны кангрэс беларусістаў…

Другі дзень міжнароднага навуковага форуму знаўцаў беларускае культуры быў цалкам прысьвечаны працы, так бы мовіць, па пэрсанальных зацікаўленьнях, якія можна было зрэалізаваць, удзельнічаючы ў паседжаньні аднае зь пяці сэкцыяў ці ў дыскусіі якогась круглага стала. Праўда, сярод удзельнікаў кангрэсу было нямала й такіх, хто меў інтарэс да дзьвюх ці болей тэмаў гаворкі, ці хацеў бы паслухаць выступ нейкага пэўнага дакладчыка, аднак зрабіць гэта не заўсёды мог, бо праца сэкцыяў параскіданая ня толькі па розных аўдыторыях, але й па розных будынках. Да таго ж ня ўсе атрымалі праграму працы Кангрэсу, а таму ня мелі дакладнае інфармацыі пра ўвесь ход дыскусіяў.

На гэтыя арганізацыйныя драбніцы ня варта было б зьвяртаць увагі, каб за імі не паўставалі больш сур'ёзныя праблемы, якія народжаныя тымі ж прычынамі.

ІІІ Міжнародны кангрэс беларусістаў да самага апошняга моманту быў пад пагрозаю зрыву. Ані мейсца ягонага правядзеньня, ані склад удзельнікаў не былі доўгі час узгодненыя з усімі сябрамі Міжнароднае арганізацыі беларусістаў з-за адсутнасьці сродкаў. У выніку сродкаў усё роўна не хапіла, і галоўны сход дасьледнікаў беларускае культуры, які праводзіцца раз на чатыры гады, аргкамітэт вырашыў раздрабніць на дзьве сэсіі – травеньскую ды верасьнёўскую.

Гэтым разам у Менск змаглі прыехаць далёка ня ўсе замежныя навукоўцы. Нікім не прадстаўленая на кангрэсе Нямеччына, па адным ці два чалавекі прыехалі зь Вялікай Брытаніі ды Злучаных Штатаў Амэрыкі, Летувы, Латвіі. Вельмі абмежаваны склад сяброў міжнароднай арганізацыі беларусістаў з Польшчы, якая на двух папярэдніх форумах была адной з самых прадстаўнічых. Шмат хто, прыкладам, з Баўгарыі ды Ўкраіны, прыехалі ў Беларусь сваім коштам, і праблема іхнага зваротнага шляху да сёньня была ня вырашаная. Гэта пры тым, што на адкрыцьці Кангрэсу ў прэзыдыюме сядзелі намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Іван Пашкевіч ды некалькі высокапастаўленых урадавых чыноўнікаў.

Дарэчы, многія ўдзельнікі кангрэсу адзначылі, што побач з чыноўнікамі на адкрыцьці Кангрэсу ў прэзыдыюме не было аніводнага зь ягоных замежных удзельнікаў. Аднак ня толькі гэта ўразіла замежных гасьцей.

Гаворыць дырэктар Беларускае бібліятэкі й Нацыянальнага культурнага цэнтру ў Лёндане, апостальскі візітатар для беларусаў-католікаў замежжа айцец Аляксандар Надсан…

(Надасан: ) "Уражаньні неадназначныя. Тут, здаецца, ідзе жыцьцё, усе беларускімі справамі цікавяцца, але выйдзеш на вуліцу – там рэальнасьць зусім іншая. Два сьветы, якія ня маюць паміж сабой нічога супольнага, жывуць кожны сваім жыцьцём. І гэта такое раздваеньне, нацыянальная скізафрэнія, я б сказаў. Гэта вельмі адчувальна, для мяне, прынамсі".

Гэта быў айцец Аляксандар Надсан зь Вялікай Брытаніі. А вось якія ўражаньні ад прыезду ў Менск ў Чэслава Сэнюха, польскага перакладчыка беларускае літаратуры…

(Сэнюх: ) "Ведаеце, мне цяжка не падзяляць гэтага меркаваньня. Я, канешне, рады, калі чую тут ад беларусоў апазыцыю да гэтай думкі і нешта зусім адметнае, толькі калі я хаджу па менскай вуліцы, і ікалі да прыпадковага чалавека скажу два словы па-беларуску, дык ён зробіць вялікія зьдзіўленыя вочы. Гэта – жах проста, гэта для мяне жах".

Гаварыў удзельнік кангрэсу паляк Чэслаў Сэнюх.

Заўтра ІІІ Міжнародны кангрэс беларусістаў працягне працу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG