Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 траўня 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Берасьцейскія ўлады не адмаўляюцца ад намеру прымусіць каталіцкага сьвятара Зьбігнева Кароляка пакінуць межы Беларусі. Калі ён не пажадае да 1 чэрвеня пакінуць тэрыторыю краіны, яму пагражае дэпартацыя...

Магчымасьць такога варыянту разьвіцьця падзеяў пацьвердзіў начальнік Ленінскага РАЎС Берасьця Аркадзь Касьцючык. На тэрыторыі менавіта гэтага раёну знаходзіцца касьцёл Узьнясеньня Крыжа, у якім адпраўляе службу ксёндз Збігнеў Кароляк. Пры гэтым начальнік раённай міліцыі спасылаецца на дамову, якая, нібыта, была дасягнутая пад час красавіцкай сустрэчы кіраўніка каталіцкай царквы на Беларусі Казіміра Сьвёнтака і віцэ-прэм'ера беларускага ўраду Ўладзіміра Замяталіна. Маўляў тады Казімір Сьвёнтак даў абяцаньне зрабіць усё, каб ксёндз Кароляк да 1чэрвеня зьехаў з Беларусі.

Але, як ужо паведамляла Радыё Свабода, у тэлефоннай размове з парафіянамі берасьцейскага касьцёлу, кардынал Сьвёнтак абвергнуў гэтую інфармацыю, назваўшы яе хлусьнёй, бо ніякіх пагадненьняў наконт спыненьня Каролякам рэлігійнае дзейнасьці ў Берасьці з прадстаўнікамі афіцыйных уладаў ён не падпісваў.

Трэба нагадаць, што мясцовыя чыноўнікі ўжо не ўпершыню вызначаюць тэрмін знаходжаньня каталіцкага сьвятара. У польскім пашпарце Зьбігнева Кароляка нават зьявіўся адмысловы запіс, паводле якога яму належыць пакінуць межы Беларусі да 14 красавіка. Ксёндз гэта не зрабіў, спаслаўшыся на адсутнасьць загаду з боку кардынала. Потым адным з кіраўнікоў Берасьцейскай міліцыі была названая новая дата – 20 траўня. Але і ў гэты дзень сьвятар заставаўся ў горадзе.

Цікава, што Зьбігнеў Кароляк атрымаў запрашэньне ў Ватыкан на ўрачыстасьці з нагоды 80-х угодкаў з дня нараджэньня Папы Рымскага Яна Паўла ІІ. Але пасьля кансультацыяў з кіраўніцтвам Каталіцкай царквы, Кароляк не скарыстаўся з гэтага запрашэньня, бо тады існавала б вялікая верагоднасьць таго, што ксяндзу забаранілі б уезд на тэрыторыю Беларусі.

Пра тое, што ў Берасьці чакаюць нейкага адмысловага рашэньня наконт дэпартацыі каталіцкага сьвятара, сьведчыць і яшчэ адна акалічнасьць. Учора ў чарговы раз без усялякіх тлумачэньняў у Ленінскім раённым судзе гораду быў адкладзены разгляд скаргі Зьбігнева Кароляка на дзеяньні міліцыянтаў, якія 18 сакавіка затрымалі яго непасрэдна ў касьцёле, а потым склалі пратакол аб парушэньні пашпартнага рэжыму, на падставе якога сьвятару было вынесенае афіцыйнае папярэджаньне. Гэтая скарга была праігнараваная кіраўніцтвам берасьцейскае міліцыі і доўгі час заставалася без увагі ў судзе першай інстанцыі.

Толькі пасьля настойлівых захадаў грамадзкіх абаронцаў Зьбігнева Кароляка, якія прадстаўляюць Беларускі Гэльсынскі Камітэт, абласны суд абавязаў Ленінскі раённы суд усё ж пачаць разгляд згаданай скаргі. Але ўчора судзьдзя Астрэйка абвесьціла, што наступнае паседжаньне адбудзецца толькі 9 чэрвеня. Юрысты, якія прадстаўляюць інтарэсы Кароляка, робяць з гэтага выснову, што на мясцовым узроўні судовая сыстэма наўмысна робіць працяглую паўзу, чакаючы нейкага адмысловага рашэньня наконт дэпартацыі сьвятара, якое можа быць прынята ў беларускай сталіцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG