Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 траўня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

(эфір 20 траўня)
Афіцыйныя прафсаюзы распачалі справаздачна-выбарчую кампанію, завяршэньне якой чакаецца ўвосень. Але ўжо сёньня з боку ўладаў назіраецца падвышаная ўвага да выбарчага марафону Фэдэрацыі прафсаюзаў.

Як зараз высьвятляецца, яшчэ ў лютым каманда Аляксандра Лукашэнкі вырашыла ўзяць пад свой кантроль выбарчую кампанію ў афіцыйных прафсаюзах. Міхал Мясьніковіч выдаў адмысловую дырэктыву для вышэйшых урадавых чыноўнікаў – міністраў і старшыняў дзяржкамітэтаў.

Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі забавязаў іх унесьці прапановы адносна кандыдатураў новых лідэраў галіновых прафсаюзаў, якія павінны быць абраныя пад час выбарчае кампаніі. Старшыням аблвыканкамаў Мясьніковіч аддаў загад знайсьці прэтэндэнтаў на кіраўніцкія пасады ў вабласных прафсаюзных структурах. Болей таго, гэтым прадстаўнікам улады было аддадзена распараджэньне скласьці сьпісы дэлегатаў на прафсаюзныя зьезды.

Ці дзейнічае гэтая дырэктыва? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да сакратаркі выканкаму Фэдэрацыі Валянціны Палявіковай:

(Палявікова: ) "Мы былі вельмі зьдзіўленыя, калі ўбачылі лісты, якія ішлі ад адміністрацыі прэзыдэнта, Мясьніковіча. Гэтая тэлефанаграма пайшла ў міністэрства, і ня толькі Мясьніковіч, але й Іван Іванавіч Пашкевіч таксама шлюць лісты ў працоўныя калектывы. Ёсьць, вядома, жаданьне ўмяшацца ў нашыя ўнутраныя справы, хочуць накіроўваць гэтую магутную арганізацыю, падкарэктаваць яе курс. Курс гэты павінен быць такім, каб дапамагаць БПСМ – такія задачы ставіў мэр Менску Паўлаў перад прафсаюзамі – дапамагаць сельскай гаспадарцы і гэтак далей…"

(Карэспандэнт: ) "Якія міністры найбольш пасьлядоўна рэалізуюць указаньні кіраўніка адміністрацыі аб жорсткім уціску на кіраўнікоў прафсаюзаў?"

(Палявікова: ) "Напрыклад, намесьнік міністра прамысловасьці Балатарэвіч Іван Іванавіч. Ён вельмі адпрацоўвае гэтую лінію. На міністэрства прамысловасьці у нас выходзіць сем галіновых прафсаюзаў. Дык вось міністэрства вельмі моцна папрацавала з наймальнікамі… І вось Асацыяцыя незалежных прафсаюзаў, якая ў нас раней была, якую узначальвалі Бухвостаў і Фядыніч, – яе не перарэгістравалі ў Міністэрсве юстыцыі. Цяпер хочуць стварыць новую асацыяцыю, але ўжо без Бухвостава і Фядыніча. Таксама вядзецца падпольная работа па расколе Фэдэрацыі".

(Карэспандэнт: ) "Ёсьць думка, што гэтыя дзеяньні накіраваныя супраць Ганчарыка, асоба якога не задавальняе Лукашэнку".

(Палявікова: ) "Ёсьць такія думкі, ёсьць такія крокі. Асобныя кіраўнікі дзяржавы хочуць займацца кадравымі пытаньнямі",

– паведаміла сакратарка выканкаму Фэдэрацыі прафсаюзаў Валянціна Палявікова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG