Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 траўня 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Зьезды землякоў аднае мясцовасьці – зьява, бадай, гарадзенская. Сёньня ў Лідзе адбываецца зьезд лідчукоў, якія зьехаліся ўжо шосты раз.

Падобныя зьезды праводзяцца і ў суседнім зь Лідай Наваградку. Штосьці падобнае арганізоўвалася таксама і ў Горадні. Але лідчукі – самыя ўпартыя, шосты раз сабраліся.

Сеньня ў праграме – паездка ў Наваградак і вечарына польскай культуры. Дзень беларускай культуры быў у пятніцу. Хаця, адрозна ад Наваградку, на лідзкія зьезды прыяжджаюць збольшага менавіта палякі, і арганізуе іх Таварыства польскай культуры Лідчыны.
Першы зьезд адбыўся ў 1991 годзе. Напачатку праводзіліся яны штогод, цяпер – раз у два-тры гады. Раней прыязджала да трохсот чалавек, таксама – з далёкага замежжа. Цяпер – каля ста, пераважна пэнсіянеры з Польшчы.

Мясцовыя ўлады ставяцца да зьезду як да культурнага мерапрыемства. Папрасілі ў арганізатараў праграму, далі дабро. Загадчык гарадзкога аддзелу культуры, Уладзімер Самсонаў, сказаў мне, што для ўдзельнікаў бясплатна прадастаўленыя залі і гукаўзмацняльная апаратура. Ён жа і прывітаў гасьцей. А раней, зазначыў мне адзін з лідчукоў, сустракалі земьлякоў намесьнікі старшыняў раённага і гарадзкога выканкамаў. І не баяліся пра дэмакратыю гаварыць, пра супрацоўніцтва. Сёньня беларускія ўлады чакаюць з-за заходняе мяжы нейкай навалы, і адносіны да грамадзянаў Польшчы, якіх большасьць на зьездзе лідчукоў, сталі больш прахалоднымі.

На добры лад, уладам варта было б выкарыстаць гэтыя зьезды ў эканамічных мэтах, сказаў мне той размоўца-лідчук. Трэба было б зацікавіць, запрасіць моладзь, дзяцей гэтых старых удзельнікаў зьезду. Ня выключана, што нехта зь іх займаецца бізнэсам. З гэтага можна было б мець карысць для гораду. Але ніхто пра гэта ня думае.

XS
SM
MD
LG