Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 траўня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Гарадзкі суд Менску разглядаў скаргу Свабоднага прафсаюзу трактарнага заводу на дзеяньні адміністрацыі, зьвязаныя зь невыкананьнем рашэньня Рэспубліканскага працоўнага арбітражу.

Справу Свабоднага прафсаюзу і адміністрацыі МТЗ разглядала судовая калегія на чале з намесьніцаю старшыні сталічнага суду Зінаідай Валовік. Гэтая справа патрапіла ў гарадзкі суд пасьля таго, як Партызанскі раённы суд палічыў канфлікт на трактарным заводзе гаспадарчым. І параіў Свабоднаму прафсаюзу зьвярнуцца са скаргаю ў гаспадарчы суд.

Аднак прафсаюз з такім рашэньнем не пагадзіўся. Ягоны лідэр Вячаслаў Козел патлумачыў сёньня гарадзкому суду, што канфлікт на МТЗ – сфэра кампэтэнцыі менавіта агульных судоў. Паколькі супрацьстаяньне бакоў тут справакавана не разыходжаньнем у гаспадарчых пытаньнях, а амбіцыямі кіраўнікоў заводу, якія, маўляў, парушаюць агульнаграмадзянскае і працоўнае заканадаўства. У прыватнасьці, Працоўны кодэкс і закон аб прафсаюзах.

Адміністрацыя МТЗ катэгарычна адмаўляецца прызнаць законнай дзейнасьць на прадпрыемстве Свабоднага прафсаюзу. Адметна тое, што такая пазыцыя генэральнага дырэктара заводу Міхала Лявонава засталася нязьменнаю і пасьля разгляду гэтага канфлікту Рэспубліканскім працоўным арбітражам.

13 сакавіка Арбітраж выдаў пастанову, у якой рэкамэндаваў адміністрацыі МТЗ спыніць перасьлед Свабоднага прафсаюзу, дазволіць яму лягальную дзейнасьць, правесьці перамовы ў справе заключэньня калектыўнай дамовы. Арбітраж рэкамэндаваў таксама, каб наймальнік выдзеліў прафсаюзнай суполцы памяшканьне, а лідэру арганізацыі Вячаславу Козелу быў дазволены ўваход на тэрыторыю МТЗ. Між тым, як паведаміў спадар Козел на сёньняшнім паседжаньні, адміністрацыя працягвае ўпарта ігнараваць рашэньні арбітражу.

Згаданыя аргумэнты падаліся судзьдзям слушнымі. Калегія гарадзкога суду прызнала, што Партызанскі суд быў прадузятым да Свабоднага прафсаюзу й павінен разгледзець ягоную скаргу ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам. Камэнтуючы для нашага радыё гэтае рашэньне, Вячаслаў Козел зазначыў:

"Мы ў прынцыпе задаволеныя рашэньнем Менскага гарадзкога суду, паколькі рашэньне Партызанскага суду было яўна незаконным. Няма сумневу, што Партызанскі суд выконваў заказ адміністрацыі МТЗ. Кіраўніцтва заводу аніяк ня жадае зьмірыцца з тым, што Свабодны прафсаюз зьявіцца на прадпрыемстве й будзе абараняць інтарэсы рабочых. Але пакуль рашэньне Арбітражу не выконваецца й мы вымушаныя хадзіць па судох, каб дамагчыся законнасьці", –сказаў лідэр Свабоднага прафсаюзу трактарнага заводу Вячаслаў Козел.

XS
SM
MD
LG