Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 22 траўня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Сёньняшняя сустрэча экспэртаў ад ураду й палітычнай апазыцыі яскрава паказала, што ў бакоў існуюць розныя падыходы да пошуку кампрамісу. Апазыцыя хоча разглядаць адноўленыя пасьля восені кансультацыі як прыступку да сапраўднага перамоўнага працэсу, улады ж хочуць уцягнуць яе у гэтак званы шырокі дыялёг.

Сёньня за круглым сталом у Нацыянальным прэсавым цэнтры былі прадстаўленыя ня лідэры апазыцыйных партыяў, а толькі іхныя экспэрты. Такой была рэакцыя Кансультацыйнае рады на інфармацыю пра немагчымасьць удзельнічаць у сустрэчы Ўладзімера Русакевіча – першага намесьніка кіраўніка адмінiстрацыі прэзыдэнта.

У выніку і ўрадавы бок сёньня другі ўжо раз зьнізіў свой статус – замест Сяргея Посахава, які павінны быў зьмяніць Русакевіча, урадавую дэлегацыю ўзначаліў Ігар Андрэеў. Ён прадставіў сябе сябрам рабочае групы ў правядзеньні гэтак званага "шырокага грамадзка-палітычнага дыялёгу", а іншых удзельнікаў – экспэртамі.

Дарэчы, апошні раз апазыцыя і ўрад на такім узроўні зьбіраліся для афіцыйных кансультацыяў пад эгідаю Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі аж летась у лістападзе. Тады й скончыліся кансультацыі экспэртаў у пытаньнях мас-мэдыяў, вядомыя як сустрэчы групаў Міхала Сазонова й Міхала Пастухова. Менавіта пра гэта нагадаў у сваім уступным слове амбасадар Вік.

Але цяпер і тады, паводле ягоных словаў, сытуацыя ў Беларусі радыкальна адрозьніваецца. І перш-наперш, таму, што зараз катастрафічна не хапае часу – увосень павінны адбыцца парлямэнцкія выбары.

Таму кіраўнік КНГ АБСЭ заклікаў бакі хутка вызначыць пытаньні да абмеркаваньня й выпрацаваць рэглямэнт кансультацыяў. На ягоную думку, галоўнымі цяпер зьяўляюцца чатыры праблемы: паляпшэньне Выбарчага кодэксу, доступ апазыцыі да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, пашырэньне функцыяў і паўнамоцтваў парлямэнту, а таксама ўсталяваньне клімату даверу.

Абмеркаваньне прапановаў Віка высьветліла два падыходы. Юры Хадыка, якому Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў у пісьмовым выглядзе даручыла кіраваць групаю экспэртаў, заявіў, што хацеў бы бачыць сёньняшнія адноўленыя кансультацыі прыступкаю да перамоваў паміж палітычнымі апанэнтамі. У сваю чаргу, Ігар Андрэеў заклікаў супрацьлеглы бок ісьці ў арганізаваны на даручэньне Лукашэнкі гэтак званы "шырокі дыялёг".

Пэўны кампраміс дапамог знайсьці амбасадар Вік. Ён падкрэсьліў, што адзін дыялёг не перашкаджае другому. Пазытыўныя вынікі абодвух, калі яны будуць дасягнутыя, могуць паўплываць на якасьць – напрыклад, таго ж Выбарчага кодэксу. Больш таго, КНГ АБСЭ нават прапанавала падрыхтаваць свой праект рэглямэнту кансультацыяў. На гэтым і дамовіліся. Вырашылі, што наступным разам экспэрты зьбяруцца 26 траўня.

XS
SM
MD
LG