Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 траўня 2000 г.


Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты

Агляд чарговага нумару газеты "Рабочы", які ў гэтыя дні паступіў ў продаж.

14 траўня на Кастрычнiцкай плошчы Менску прайшлi народныя гуляньнi з нагоды пятай гадавіны антыбеларускага рэфэрэндуму 1995 году. Фотарэпартаж з гэтай падзеі чытачы ўбачаць на першай старонцы. І наогул, посьпехам ці няўдачай беларускай апазыцыі можна лічыць вулічныя акцыі нядаўняй "Вясны-2000"? Зараз, калі маршы і мітынгі ў мінулым, можна падвесьці вынікі палітычнай кампаніі, якая ўжо прайшла. Рэдакцыя зьвярнулася да палітоляга Ўладзімера Мацкевіча і лідэра Аб'яднай грамадзянская партыі Анатоля Лябедзькі. Іх меркаваньні аказаліся дыямэтральна супрацьлеглымі... Падрабязнасьці чытайце на старонцы шэсьць.

Трагедыяй для Беларусі могуць стаць пажары на тарфяніках, якія бушуюць зараз ва ўсіх абласьцях краіны. Карэспандэнты "Рабочага" сустрэліся са спэцыялістамі Мiнiстэрства па надзвычайным сытуацыям, пабывалі на Случчыне, дзе становішча найбольш сур'ёзнае. Іх меркаваньне — пажарныя праяўляюць сапраўдны гераізм, але аднаго гераізму мала... Матэрыялы на гэтую тэму надрукаваныя на першай і другой старонках газэты.

Тым часам набліжаецца гадавіна яшчэ адной горкай падзеі — драмы на Нямізе. "Праўду! Нічога, акрамя праўды!" — так называеца надрукаваная на трэцяй старонцы гутарка са старшынём грамадзкага аб'яднаньня "Праўная дапамога насельніцтву" Алегам Волчакам, які ўзначальвае грамадзкае расьсьледаваньне масавай гібелі моладзі ў той чорны дзень.

На шчасьце, жыцьцё чалавечае — ня толькі сум. Тэматычная пятая старонка падрыхтаваная ў дапамогу дачнікам. Рэпартаж пра газэтны бізнэс у электрычках — на чацьвертай. Гісторыя пра тое, як польскі хлопец Караль Вайтыла стаў Папам Рымскім — на сёмай. Мудрагелістая крыжаванка — на восьмай. Вось так выглядаюць асноўныя тэмы новага нумару "Рабочага", якiя газэта прапануе сваім чытачам.

Увага! Кожны, хто жадае атрымлiваць газэту штотыднёва праз сваю паштовую скрыню, павiнен аформiць падпiску ў дзяржаўным аддзяленьнi сувязi цi ў першаснай арганiзацыi свабодных прафсаюзаў. Менчукi могуць атрымлiваць газэту яшчэ i праз кiёскi Белсаюздруку. Для гэтага трэба зьвярнуцца да работнiка кiёска, дзе вiсiць аб'ява-паведамленьне пра тое, што менавiта тут афармляюць падпiску на газэту "Рабочы". Такiх кiёскаў па Менску пяцьдзесят. Пры гэтым будзьце ўважлiвы: абавязкова пазначце нумар кiёску, праз якi вы хочаце атрымлiваць газэту. Нагадаем падпiсны iндэкс газеты "Рабочы" — 63437.

XS
SM
MD
LG