Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 траўня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

У Беларусь прыбыла дэлегацыя 30 нямецкіх дабрачынных арганізацыяў, якія пастаўляюць сюды гуманітарную дапамогу.

У Менск прадстаўнікоў дабрачынных арганізацыяў Нямеччыны запрасіў беларускі бок. У пятніцу яны сустрэнуцца з Аляксандрам Лукашэнкам. У праграме таксама – наведваньне аздараўленчых цэнтраў, створаных зь іхным удзелам.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Мікалай Барысевіч паведаміў, што прадстаўнікоў дабрачынных арганізацыяў Нямеччыны запрасілі для таго, каб падзякаваць за дапамогу.

Супрацоўніца міністэрства Алена Сідаш распавяла, што спачатку было вырашана запрасіць прадстаўнікоў усіх дабрачынных фондаў з розных краінаў. Аднак высьветлілася, што такіх арганізацыяў надта многа, і запрашаць усіх было б складана з тэхнічнага пункту гледжаньня.

Першымі вырашылі запрасіць нямецкіх дабрачынцаў, паколькі Нямеччына аказвае дапамогу больш за іншых. Летась 20 адсоткаў гуманітарнае дапамогі Беларусь атрымала менавіта зь Нямеччыны. Паводле зьвестак МЗС, 30 адсоткаў беларускіх шпіталяў былі абсталяваныя за нямецкія грошы. Сур'ёзная дапамога, у прыватнасьці, атрыманая Гомельскай вобласьцю.

Летась Беларусь атрымала ад Нямеччыны дапамогу на суму 20,3 мільёны даляраў. На аздараўленьні ў Нямеччыне пабывала больш за 10 з паловаю тысячаў дзяцей.

Акрамя Нямеччыны, значную дапамогу Беларусі аказваюць Італія, ЗША, Швайцарыя, Ірляндыя й Канада. Летась краіна атрымала дапамогу з 28 краінаў.

Супрацоўнікі міністэрства лічаць, што асаблівых складанасьцяў у арганізацыяў, што жадаюць дапамагчы Беларусі, няма. Сытуацыю з дабрачынным амэрыканскім фондам "Надзея-Экспрэс", якая працавала некалькі гадоў таму паводле складанае схэмы і якой налічылі значныя штрафы за падаткавыя парушэньні, у міністэрстве назвалі выключэньнем. Там паведамілі, што ў выпадку, калі правільна і ў вызначаныя тэрміны аформленыя ўсе дакумэнты, праблем узьнікнуць не павінна.

Дарэчы, рашэньне ў афармленьні кожнага гуманітарнага грузу прымае асабіста Аляксандар Лукашэнка. Паводле зьвестак МЗС, у бальшыні выпадкаў гуманітарная дапамога падаецца адрасна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG