Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 траўня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафэсійных саюзаў зьвярнуўся да шэрагу замежных дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў з заклікам увесьці супраць Беларусі палітычныя і эканамічныя санкцыі. Гэтая ініцыятыва была агучаная сёньня на прэсавай канфэрэнцыі лідэраў кангрэсу.

Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафэсійных саюзаў, – гаворыцца ў дакумэнце, – зьвяртаецца да ўсясьветнае супольнасці, Эўрапарлямэнту, кангрэсу Злучаных Штатаў Амэрыкі, Міжнароднай Арганізацыі Працы й просіць прыняць у дачыненьні да Рэспублікі Беларусь палітычныя і эканамічныя санкцыі, а таксама скарыстаць усе магчымыя формы й мэтоды ўзьдзеяньня на рэжым, які йснуе ў Беларусі, з мэтаю прымусіць яго паважаць і выконваць міжнародныя нормы права, Канстытуцыю краіны ды правы чалавека.

Гэты зварот падпісалі: прэзыдэнт Кангрэсу Віктар Бабаед, старшыня Свабоднага прафэсійнага саюзу Генадзь Быкаў, старшыня Свабоднага прафэсійнага саюзу транспартнікаў Уладзімер Макарчук і кіраўнік Свабоднага прафэсійнага саюзу мэталістаў Віктар Трошчы.

Віктар Бабаед паведаміў на гэты конт:

(Бабаед: ) "Мы накіравалі свой зварот французкаму пасольству, нямецкаму, амэрыканскаму. Вы ведаеце, што французкае пасольства зьяўляецца афіцыйным прадстаўніком Эўразьвязу, яно каардынуе дзейнасьць усіх дыпляматаў з Эўропы, якія працуюць у Рэспубліцы Беларусь. Мы накіравалі свой зварот у Міжнароднае бюро працы, каб была ўзбуджаная справа супраць нашай дзяржавы, і заклікалі іншыя прафсаюзныя структуры, каб яны падтрымалі нас, калі будзе разглядацца нашая справа на канфэрэнцыі".

Як вынікае са словаў Бабаеда, гэты дакумэнт выкліканы агрэсіўнымі дзеяньнямі ўладаў супраць структураў дэмакратычных прафэсійных саюзаў. Летась у кастрычніку быў распачаты працэс уціску й зьнішчэньня гэтых структураў.

З таго часу перасьлед уладаў закрануў каля сотні суполак дэмакратычных прафэсійных саюзаў на прадпрыемствах краіны. З гэтае прычыны многія зь іх зараз фактычна спынілі йснаваньне.

У прыватнасьці, жорсткі ўціск на свабодныя прафэсійныя саюзы меў месца на аўтамабільных заводах Магілеву й Менску. На МАЗе, да прыкладу, распалася 1,5-тысячная арганізацыя, паколькі адміністрацыя адабрала ў яе памяшканьне й пачала пагражаць сябрам прафэсійнага саюзу звальненьнямі.

Лідэр Свабоднага прафэсійнага саюзу транспартнікаў Уладзімер Макарчук лічыць такія дзеяньні ўладаў невыпадковымі. Каманда Аляксандра Лукашэнкі, сказаў ён, напярэдадні парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў імкнецца выключыць з палітычнага жыцьця рабочых. Рабочыя ж могуць сёньня выявіць сваю актыўнасьць толькі праз структуры дэмакратычных прафэсійных саюзаў.

Такая палітыка небясьпечная тым, што нясе пагрозу дэмакратычным працэсам ня толькі ў нутры аднае краіны, а й на ўсім эўрапейскім кантынэнце. І таму яна, на думку Віктара Бабаеда, не павінна заставацца без пакараньня:

(Бабаед: ) "Сёньня ў вядучых дзяржавах сьвету да ўлады прыйшлі сацыял-дэмакраты – гэта простая сувязь з прафсаюзамі, таму мы разьлічваем на тое, што нашыя брацкія прафсаюзы ў Заходняй Нямеччыне, Англіі, Францыі зробяць адпаведныя крокі з мэтай узьдзеяньня на свае ўлады, каб тыя паўздзейнічалі на наш рэжым", – патлумачыў прэзыдэнт Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафэсійных саюзаў Віктар Бабаед.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG